Вы тут

Штаб Ціханоўскай: у "замаху на Лукашэнку" ёсць прыкметы правакацыі спецслужбаў

Святлана Циханоўская / @tsikhanouskaya

Каманда Святланы Ціханоўскай пракаментавала заяву пра замах на Лукашэнку і ягоную сям’ю. У штабе палітыка лічаць, што да справы могуць быць датычныя расійскія і беларускія спецслужбы. 

"Інфармацыя, якую 17 красавіка распаўсюдзілі дзяржорганы і агучыў Лукашэнка, мае прыкметы правакацыі спэцслужбаў Расіі і Беларусі, куды ўцягнулі грамадзян Беларусі і ЗША", — гаворыцца ў заяве прэс-службы Святланы Ціханоўскай.

У штабе Ціханоўскай мяркуюць, што пакуль варта ўстрымацца ад паспешлівых высноў, "якія могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам, суверэнітэту і незалежнасці Беларусі" і нагадваюць, што сама палітык выступае за пераадоленне палітычнага крызісу шляхам перамоваў і правядзення свабодных выбараў.

17 красавіка падчас суботніку Лукашэнка заявіў, што на яго і яго дзяцей рыхтаваўся замах. Датычныя да змовы затрыманыя — гэта палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, амерыканскі адвакат беларускага паходжання Юрый Зянковіч і старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. А кіравалі працэсам нібыта амерыканскія спецслужбы.

Пазней затрыманне Фядуты, Кастусёва і Зянковіча пракаментавалі і ў ФСБ Расіі. Спецслужба заявіла, планавалася "ажыццяўленне ваеннага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары "каляровых рэвалюцый" з прыцягненнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізічная ліквідацыя" Лукашэнкі. Пры гэтым ФСБ спаслалася на "інфармацыю ад беларускіх партнёраў".

Цікава, што дзяржканал у той жа вечар заявіў, што "пераварот" планаваўся на чэрвень ці ліпень, а ФСБ — што на 9 траўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.