Вы тут

Шрайбман: на мяжы магчымыя выпадковыя інцыдэнты, а так і пачынаюцца войны

Арцём Шрайбман / Еўрарадыё

Міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы можа прывесці да ўзброеных інцыдэнтаў. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё расказаў палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

"Абедзве краіны гэтага працэсу — і Літва, і Беларусь — заявілі сваю гатоўнасць падвышаць стаўкі. Для Лукашэнкі гэта справа прынцыпу — не прагнуцца. Хоць я думаю, што калі б Літва давяла да гатовага рашэння блакаванне паставак у свае парты калійных угнаенняў з Беларусі, то мігранцкі паток перасох бы даволі хутка або быў перанакіраваны, напрыклад у Польшчу.

Пакуль Літва настроеная на тое, каб не саступаць: робіць больш жорсткім кантроль і дзеянні на мяжы. І Беларусь робіць тое самае. Гэта логіка эскалацыі: людзі са зброяй з абодвух бакоў, гэта нас вядзе нават, магчыма, да выпадковых інцыдэнтаў. Прабачце, але так заўсёды і пачыналіся многія войны, дзе напружанасць з двух бакоў нават без зразумелага загаду пачынаць перастрэлкі да гэтых перастрэлак прыводзіла", — сказаў Шрайбман.

Сітуацыя гаручая і выбухованебяспечная, лічыць эксперт. Асабліва калі ўлічваць, што цяпер на мяжы будуць праходзіць сумесныя вучэнні з Расіяй "Захад-2021".

Але за Літвой стаяць НАТА і ЕС. Ці захоча Крэмль падтрымліваць афіцыйны Мінск у магчымым канфлікце?

"Менавіта з гэтай прычыны я не прадказваю нейкай вайны рэгіянальнай. Гэта за мяжой інтарэсаў буйных дзяржаў. І наўрад ці толькі таму, што Мінск хоча панерваваць Вільню, мы прыйдзем да прамога сутыкнення звышдзяржаў у нашым рэгіёне. Як бы парадаксальна гэта ні гучала, але Пуціну не патрэбна чарговая эскалацыя, ён цяпер быццам на іншай хвалі з Захадам: хутчэй рэгулюе нейкія спрэчныя пытанні, напрыклад, "Паўночнага патоку". Ён у нейкі пікавы момант можа абарваць Лукашэнку. Я таксама сумняваюся, што ёсць гатоўнасць пачынаць поўнамаштабную вайну ў адказ на беларускія абсалютна зразумелыя, палітычна матываваныя памежныя правакацыі", — працягвае Шрайбман.

Аднак, на ягоную думку, нават малога інцыдэнту можа быць дастаткова, каб Лукашэнка ўнутры краіны ўвёў ваеннае становішча і нейкім чынам яшчэ больш узмацніў рэпрэсіі — проста замарозіў у краіне эканамічнае і палітычнае жыццё.

Літва не пускае мігрантаў, Беларусь не пускае іх назад. Што будзе рабіць Мінск? Няўжо пачнуць страляць?

"Па мігрантах наўрад [будуць страляць]. Іх могуць перанакіраваць у Польшчу. У прынцыпе, такія выпадкі ўжо былі. Могуць замест іракцаў пачаць завозіць людзей з Афганістана, дзе сітуацыя ў сувязі з надыходам Талібану таксама нестабільная. Якія канкрэтна гэта можа прыняць формы на мяжы, мне складана сказаць, таму што сітуацыя анамальная. Нейкія мігранты могуць пачаць бунтаваць ад такога стаўлення.

Самае галоўнае, што атмасфера нервовасці праецыруе варожае стаўленне. Калі б раней нейкая патрульная група аднаго боку заехала выпадкова на тэрыторыю чужой дзяржавы, то яе б проста калегі-памежнікі правялі б назад. А цяпер могуць атрымаць загад страляць", — працягвае эксперт.

Беларусь усё больш становіцца дзяржавай-ізгоем. Якія праз гэта будуць наступствы для краіны? Беларускія лабісты на Захадзе будуць бескарысныя?

"Цяпер што б ні адбылося ў свеце з Беларуссю, гэта будуць успрымаць праз прызму такой еўрапейскай Паўночнай Карэі або еўрапейскай Лівіі пры Кадафі, праз прызму чарговага скандалу. Менавіта так нарадзілася сітуацыя з Ціманоўскай, якая наўрад ці б каштавала такога рэзанансу ў іншыя часы. Менавіта так цяпер успрымаецца гісторыя ці то з суіцыдам, ці то з забойствам дзеяча беларускай эміграцыі ва Украіне: мы не ведаем, што адбылося, але калі пачытаць заходнюю прэсу, то ніхто нават не разглядае іншых версій. Тое, што гэта здарылася па дзеянні або на заказ беларускіх спецслужбаў, успрымаецца ўжо як аксіёма".

Такая атмасфера, на думку Шрайбмана, падштурхоўвае заходніх палітыкаў да новых санкцый, якія, цалкам магчыма, можна будзе ўбачыць ужо ў жніўні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.