Вы тут

Шамко: Ігнаруеш выклік у зборную, бо выступаеш за замежны клуб, — вярні грошы

Фота: sputnik.by

Міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко паведаміў, што са спартоўцамі будуць заключаць працоўныя дамовы, піша by.tribuna.com.

На сёння працоўныя дамовы заключаюцца толькі са спартоўцамі асноўнага складу нацыянальных камандаў. Астатнія чальцы нацыянальных і зборных камандаў не маюць дамоваў аб праходжанні спартыўнай падрыхтоўкі.

"Узнікае сітуацыя, калі дзяржава траціць вялікія грошы на падрыхтоўку такіх спартсменаў, іх экіпіроўку, узмоцненае харчаванне, а любая псіхалагічная траўма, крыўда можа стаць падставай кінуць заняткі спортам ці адмовіцца ад удзелу ў спартыўных спаборніцтвах. Абавязкі спартоўца ў такіх выпадках нічым не замацаваныя. Гэта значыць, рыхтавалі яго да Алімпійскіх гульняў, стваралі яму ўмовы, прыслухоўваліся да ўсіх просьбаў і пажаданняў. А ён напярэдадні растаўся з каханай дзяўчынай, свет для яго паваліўся, і не для каго стала заваёўваць алімпійскія медалі", — патлумачыў сааю пазіцыю міністр спорту.

Па словах Шамко, плануецца, што са спартоўцамі спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установаў, вучэльняў алімпійскага рэзерву, зборных і нацыянальных каманд, якія не знаходзяцца ў прафесійных працоўных адносінах, будуць абавязкова падпісваць дамовы аб спартыўнай падрыхтоўцы.

Калі спартоўцы будуць сістэматычна ігнараваць удзел у нацыянальных і зборных камандах, то дамовы будуць скасаваныя, а са спартоўцаў будуць патрабаваць кампенсаваць сродкі, выдаткаваныя на спартыўную падрыхтоўку. "Такім чынам, ігнаруеш выклік у зборную, бо ў гэтыя ж тэрміны збіраешся выступаць за замежны клуб, — вярні выдаткаваныя на тваю спартыўную падрыхтоўку сродкі", — заявіў Шамко. Па яго словах, пад гэтыя санкцыі не трапяць медыцынскія паказнікі, бо ад траўмаў ды іншых праблемаў са здароўем ніхто не застрахаваны.