“Шахцёр” заваяваў серабро чэмпіянату Беларусі па футболе

“Шахцёр” заваяваў серабро чэмпіянату Беларусі па футболе

Перадапошні, 29-ы тур чэмпіянату Беларусі па футболе вызначыў уладальнікаў сярэбраных і бронзавых медалёў. Салігорскі “Шахцёр” 19 лістапада разграміў мазырскую “Славію” — 4:1 і з 55 ачкамі замацаваўся на другім месцы турнірнай табліцы. Мінскае “Дынама” таксама абыграла свайго сённяшняга саперніка, “Іслач” — 1:0 і мае 52 ачкі. Паколькі гарнякі маюць перавагу над дынамаўцамі па асабістых сустрэчах, то нават калі ў апошнім туры ў іх будзе роўная колькасць ачкоў, усё адно салігорскі клуб захавае другое месца.

Такім чынам, “Шахцёр” заваяваў сярэбраныя медалі, а сталічнае “Дынама” — бронзавыя. Раней барысаўскі БАТЭ стаў датэрмінова чэмпіёнам Беларусі. Дарэчы, сёння падапечныя Аляксандра Ермаковіча саступілі “Віцебску” — 1:2.

Вынікі астатніх матчаў гэтага тура: “Нафтан” — “Белшына” — 2:2, “Граніт” — “Мінск” — 0:7, “Гарадзея” — “Тарпеда-БелАЗ” — 3:3, “Слуцк” — “Нёман” — 0:0, “Крумкачы” — “Дынама” (Брэст) — 0:0.

У апошнім туры вызначацца дзве каманды, якія ў наступным сезоне пакінуць вышэйшую лігу, а таксама каманда, якая будзе гуляць пераходны матч за права захаваць прапіску ў элітным дывізіёне. На сёння 15 і 16 радок у турнірнай табліцы займаюць адпаведна “Белшына” і “Граніт”, а пагроза пераходнага матчу вісіць над “Нафтанам”.

Ужо вядома, што ў наступным сезоне ў вышэйшую лігу вернуцца “Гомель” і “Дняпро”. У першай лізе на павышэнне статусу прэтэндуе таксама сталічны “Луч”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі