Вы тут

"Сенатары" і чыноўнікі як па камандзе сталі асуджаць Сяргея Ціханоўскага

Дрэнны выбарчы пікет на думку чыноўнікаў / Еўрарадыё

Беларускія афіцыйныя асобы як па камандзе пачалі асуджаць сустрэчы з выбаршчыкамі, якія праводзяцца ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. Днём 30 траўня практычна адначасова выказаліся трое "сенатараў" — сябраў Савета Рэспублікі — і старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак.

"Хачу жыць спакойна ў мірнай краіне. Я ніколі раней не займалася палітыкай, але мяне заўсёды цікавіла тое, што адбываецца ў маёй краіне. Учорашні пікет у Гродне за вылучэнне Святланы Ціханоўскі мяне абурыў. Калі чалавек імкнецца ў вялікую палітыку, дык ён павінен перш за ўсё думаць пра бяспеку тых акцый, якія ён праводзіць", — піша "сенатар" ад Мінска Марына Ільіна. Пад запісам паўтары тысячы каментароў — многія асуджаюць сяброўку Савета Рэспублікі, якая чыстасардэчна прызнаецца, што "ніколі раней не займалася палітыкай".

Марына Ільіна / www.sovrep.gov.by

"Не магу прайсці міма дзясятка ботаў, якія спрабуюць ачарніць ўладу і маю калегу з Савета Рэспублікі. Што робіцца са звар'яцелым электаратам сумніўнага кандыдата? Іншых слоў падабраць пра кампанію Ціханоўскага не магу. Калі ён прывозіць на пікеты па 20-50 чалавек і стварае з іх у чаргу, калі не можа адказаць ні на адно нязручны пытанне, называючы гэта правакацыяй? Дазваляе сабе абражаць людзей?" — піша "ВКонтакте" Дзмітрый Варанюк, сябра Савета Рэспублікі ад Магілёўскай вобласці. Ён прадбачліва абмежаваў каментаванне запісаў на сваёй старонцы.

"Акцыі, якія праходзяць у гэты час [падчас збору подпісаў. — Еўрарадыё], незаконныя. Іх арганізатары парушаюць правы мірных людзей. Збор подпісаў павінен строга адпавядаць заканадаўству. І не толькі выбарчаму",сцвярджае Віктар Чайчыц, сябра Савета Рэспублікі ад горада Мінска. Гэта пра тое, што перадвыбарнай агітацыяй у Беларусі можна займацца толькі пасля рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. Ці парушыла каманда Святланы Ціханоўскай гэтую норму толькі таму, што да сталоў, дзе можна паставіць подпіс, выстройваюцца чэргі з яе прыхільнікаў?

Ці, можа быць, ідэальны выбарчы пікет у разуменні Чайчыца павінен праходзіць вось так?

"У нас праходзіць этап збору подпісаў. Існуе імкненне праводзіць гэтае мерапрыемства ў месцах, дзе вялікая колькасць людзей. У нас, вядома, няма нейкіх жорсткіх абмежаванняў, але часам гэтае мерапрыемства мае вялікую верагоднасць ператварыцца ў масавае, тым больш, калі ёсць людзі, настроеныя на стварэнне нейкага абвастрэння, а тут ужо працуе іншае заканадаўства — аб масавых мерапрыемствах", — лічыць старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак. А ў Мінску ёсць усяго шэсць месцаў, дзе можна праводзіць масавыя мерапрыемствы.

"Не дазволена ўносіць негатыў ў гарадское жыццё. Мы не дапусцім гэтага, і ў нас для гэтага ёсць усе рэсурсы", — папярэджвае кіраўнік горада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.