Сем'і работнікаў літоўскага санаторыя "Беларусь" пагражаюць масавай галадоўкай
Санаторый трапіў пад санкцыі ЕС, яго работнікі не могуць атрымаць заробкі.
Супрацоўнікі літоўскага санаторыя "Беларусь", які трапіў пад чанкцыі ЕС, зладзілі акцыю пратэсту. Зранку 6 траўня калона іх аўтамабіляў аб'язджае дзяржустановы ў Вільні. Пратэст падтрымала Літоўская канфедэрацыя прафсаюзаў, піша delfi.lt.
Санаторый "Беларусь" трапіў пад санкцыі ЕС, скіраваныя супраць рэжыму Лукашэнкі, напрыканцы 2020-га. Ён належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, унесенаму ў санкцыйны спіс Еўрасаюза, таму яго рахункі былі заблакаваныя.
Пратэстоўцы плануюць аб'ехаць урад, прэзідэнцкі палац, МЗС, будынак Swedbank, парламент. "Каля кожнай кропкі мы спынімся і будзем сігналіць. Мы пратэстуем супраць самаўпраўнасці МЗС Літвы. Мы патрабуем, каб МЗС у першую чаргу прызнаў сваю віну, а не хаваўся за спіной Swedbank. Апошні дакумент, які мы атрымалі ад дэпутата Броніса Ропе, даказаў, што санаторый ні ў якія спісы не ўключаны, за ўжыванне санкцый адказвае МЗС", — кажа лідар прафсаюза работнікаў санаторыя Вітаўтас Чэсна.
Супрацоўнікі санаторыя не атрымліваюць заробак са студзеня 2021 года. У гэтай сітуацыі яны вінавацяць МЗС Літвы і пагражаюць масавай галадоўкай, у якой прымуць удзел 400 сем'яў работнікаў санаторыя. "Калі ўлады не звернуць увагі на наш пратэст, значыць, яны хочуць, каб людзі галадалі. Калі яны хацелі, каб людзі галадалі, у наступны раз мы збярэмся каля МЗС, 400 сем'яў, і аб'явім галадоўку", — заяўляе Чэсна.
Прэзідэнт Літоўскай канфедэрацыі прафсаюзаў Інга Ругінене таксама мяркуе, што санкцыі ўведзеныя па віне МЗС Літвы: "МЗС нам доўга казаў, што гэта не яны прызначылі санкцыі, што гэта ўказ з ЕС. Мы звярнуліся ў Еўрапейскую канфедэрацыю прафсаюзаў, каб высветліць увесь механізм. Нам далі ясны адказ: толькі краіна вырашае, якія санкцыі і ў дачыненні да каго ўжываць. Значыць, хтосьці хлусіць, рашэнне было ў руках МЗС".
Яна падкрэслівае, што большасць супрацоўнікаў санаторыя — літоўцы. Да таго ж, усе атрыманыя ў санаторыі сродкі ідуць на заробкі і падаткі, а не прыбытак.
Ругінене кажа, што звольненыя супрацоўнікі санаторыя не змогуць знайсці сабе працу ў Друскеніках. "Хто з нас цяпер хацеў бы пазбавіцца працы і жылля? Гэта ж сем'і з дзецьмі, гэта вялікая сацыяльная катастрофа, яны проста хочуць працаваць. І яны кажуць: добра, не рэжым, хай нехта іншы пераймае санаторый, тады людзі змогуць працаваць", — заяўляе прафсаюзны лідар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.