Самая папулярная прафесія — антыкрызісны кіраўнік

Беларускія ВНУ пачалі рэагаваць на змены, якія адбываюцца на рынку працы
У наступным годзе не будуць рыхтаваць фалькларыстаў і настаўнікаў рускай мовы. Колькасць заняткаў па рускай і беларускай мовах у школах скарацілі, а мастацкую культуру цяпер увогуле не вывучаюць. Гэтых спецыялістаў выпускаў Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка. Ён вернецца да падрыхтоўкі гэтых педагогаў толькі калі іх будзе не хапаць.

Каб не перанасычаць рынак працы прадстаўнікамі адных і тых жа прафесій, па некаторых накірунках навучальныя ўстановы робяць набор раз на некалькі гадоў. Напрыклад, у педагагічным універсітэце паступіць на “Беларускую мову і літаратуру. Літоўскую мову” і “Беларускую мову і літаратуру. Польскую мову” можна раз на два гады.

Cпецыялісты кадравых агенцтваў кажуць, што валоданне замежнай мовай даўно з’яўляецца не самастойнай прафесіяй, а дадатковай опцыяй.

“Філолагі — гэта незапатрабаваная спецыяльнасць. Перакладчыкі — таксама. Замежная мова — гэта як дадатковая опцыя, яна не з’яўляецца прафесіяй”, — рассказалі нам у агенцтве “Сакрэт поспеху”.

Схему “раз на некалькі гадоў” даўно засвоілі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Мастакоў тэатру і мастакоў фільму рыхтуюць толькі раз на шэсць гадоў. Акцёраў тэатру лялек, акцёраў музычнага тэатру і рэжысёраў эстрады — раз на чатыры гады. Даўно забытыя спецыяльнасці ўваскрасілі з увагі на праграму развіцця кінавідэагаліны ў Беларусі, кажуць у акадэміі мастацтваў:
 
“На рэжысуру мастацкага кіно не набіралі не ведаю колькі гадоў. У мінулым годзе набралі першы курс. Будзем яшчэ браць праз тры гады. Па спецыяльным заданні Міністэрства культуры, таму што ідзе ў нас развіццё кінавідэагаліны”.

Пасля вялікага перапынку спатрэбіліся рэжысёры дакументальных фільмаў і рэжысёры анімацыйных дзеянняў. Апошні набор на гэтыя спецыяльнасці адбываўся больш за дзесяць гадоў таму. Паводле загаду Міністэрства культуры на факультэце дызайну з наступнага года ўпершыню стартуе спецыяльнасць “Кінатэлевед. Прадзюсер-мэнэджэр”, а з 2011-га — “Кінатэлевед. Сцэнарыст. Рэдактар”.

Другі напрамак, якім пільна занялося Міністэрства культуры, — гэта рэстаўрацыя. Выпускам “рэаніматараў” для замкаў і палацаў зоймецца мастацкі факультэт.

На запатрабаванні сучаснага рынку працы адрэагаваў і Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт:

“Мы ўжо ў гэтым годзе адкрылі чатыры новыя спецыяльнасці: транспартная лагістыка, камп’ютэрная мехатроніка, мікра- і нанатэхніка і тарфяныя распрацоўкі”.

Новыя спецыяльнасці спатрэбіліся ў сувязі з запланаваным будаўніцтвам першай беларускай АЭС. Іх будуць рыхтаваць у чатырох ВНУ: БДУ, БНТУ, БДУІР і МДЭУ імя Сахарава. Штогод у гэтыя універсітэты агулам будуць набіраць 220 чалавек.

Паводле кансультанткі кадравага агенцтва “Квадрат”, тэхнікі-інжынеры — адны з тых, каго найчасцей шукаюць працадаўцы:

“Менэджэр па продажах дагэтуль застаецца адной з самых запратабаваных спецыяльнасцяў. Асабліва з тэхнічнай адукацыяй, інжынернай. У асноўным гэта прамысловасць. Гэта людзі, якія прыносяць прыбытак кампаніі”.

А вось маркетолагамі, юрыстамі і прававедамі рынак працы перапоўнены:

“Вось кадравыя работнікі — іншая справа. Вельмі запатрабавана зараз такая спецыяльнасць, як антыкрызісны кіраўнік”.

У “Сакрэце поспеху” кажуць, што знайсці фінансавага кансультанта вельмі цяжка, бо ён павінен валодаць заканадаўствам, інфармацыяй аб магчымасцях банкаў, у тым ліку замежных, і ведаць замежную мову.


Фота — ucheba.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі