Салігорскі “Шахцёр” набыў галкіпера з Латвіі

29-гадовы галкіпер латвійскай футбольнай каманды “Дынабург” з Даўгаўпілса Павел Давыдаў сваю кар'еру працягне ў салігорскім “Шахцёры”. Цікава, што ў свой час Давыдаў абараняў вароты клуба “Вентспілс”, які днямі перапыніў шлях барысаўскага БАТЭ да Лігі чэмпіёнаў. Сайт “Телеграф.lv” паведамляе, што акрамя “Вентспілса” Павел Давыдаў паспаў пагуляць за латвійскія клубы “Аўда” і “Даўгава”, а таксама за літоўскі “Экранас”. Цікава таксама, што першую частку сезона ў “Шахцёры” на правах арэнды гуляў варатар “Вентспілса” Андрэй Паўлаў.

Павел Давыдаў нарадзіўся ў 1980 годзе. Мае рост 184 см і важыць 82 кг.

“Шахцёр” пасля 14 тураў у чэмпіянаце Беларусі займае сёмае месца з 21 ачком. Ад “Нафтана”, які ідзе шостым, салігорскі клуб адстае на 1 ачко, ад БАТЭ, што ўзначальвае турнірную табліцу — на 15.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі