Сацсетка VK і месенджар Max трапілі пад санкцыі Еўрасаюза

Сацсетка VK трапіла ў "чорны спіс" ЕС

Сацсетка VK трапіла ў "чорны спіс" ЕС / pixabay.com

Пад новыя санкцыі Еўрасаюза трапіла кампанія VK, а таксама яе даччыная асоба "Камунікацыйная платформа", якая распрацоўвае месенджар Max. Адпаведныя дакументы апублікаваныя ў Афіцыйным часопісе ЕС.

У абгрунтаванні санкцый гаворыцца, што распрацоўкеа месенджара Max вялася пад кантролем Федэральнай службы бяспекі РФ (ФСБ).

"На думку шматлікіх экспертаў, дадатак Max валодае шырокімі магчымасцямі сачэння і можа адсочваць камунікацыі, уключаючы выкарыстанне VPN, збіраць даныя пра іншыя праграмы, устаноўленыя на тэлефонах, кантраляваць адрасныя кнігі, вызначаць месцазнаходжанне карыстальнікаў і ўсталёўваць аўтаномныя абнаўленні", — гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што ўкараненне Max адбывалася паралельна з блакаваннем іншых незалежных праграм — напрыклад, WhatsApp і Telegram. Таксама Max скарыстаўся блакаваннямі доступу да заходніх і незалежных канкурэнтаў (Instagram, Facebook, Telegram і WhatsApp), каб павялічыць даходы і долю рынку.

"VK супрацоўнічаў з расійскімі ўладамі ў іх рэпрэсіўных дзеяннях, у тым ліку падаючы ім звесткі пра карыстальнікаў сваіх сэрвісаў, якія размяшчалі кантэнт, які крытыкуе агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны, або іншы кантэнт, забаронены ўладамі", — тлумачыцца ў дакуменце.

Таксама пад санкцыі трапілі прадстаўнікі ГРУ, хакерскія групоўкі, асобныя хакеры і хактывісты, а таксама арганізацыі, якія падтрымліваюць іх працу, прадстаўнікі расійскай пенітэнцыярнай сістэмы і яе ўстановы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.