Вы тут

Сацсетка для зэкаў і "чырвоная кнопка": праграмы, натхнёныя пратэстамі

  

Пасля выбараў жыхары Беларусі апынуліся ў новай, пратэставай рэальнасці. Айцішнікі адрэагавалі на гэта новымі праграмамі. Адна дапамагае арыентавацца ў Мінску падчас пратэставага маршу, другая — не купіць лішняга ў краме, трэцяя — ганяць ва ўсю моц раніцамі. Які час — такія і праграмы!

Сабралі тое, што выйшла за апошні тыдзень, і ўспомнілі класіку.

Politzek.me — сацсетка для зняволеных

Цяпер у Беларусі 147 палітвязняў. На жаль, гэтая лічба рэгулярна павялічваецца. Мэта праекта, распрацаванага валанцёрамі са штаба Віктара Бабарыкі, — зрабіць палітвязняў бліжэйшымі да кожнага беларуса. Каб усё больш і больш людзей даведваліся пра тых, хто сядзіць за свае палітычныя погляды і каму цяпер вельмі патрэбна падтрымка.

Сутнасць праекта — сайт і "Інстаграм". На сайце чалавек выбірае палітвязня, з якім хоча пасябраваць, і далей выконвае для яго заданні. Кожны тыдзень будуць дадавацца новыя заданні. Кожны можа прапанаваць і сваё заданне.

Dapamoga — паведаміць пра затрыманне

Праект, які апавяшчае выбраныя кантакты ў выпадку затрымання. Усё, што трэба зрабіць карыстальніку: зайсці ў праграму і націснуць на кнопку "Мяне затрымалі". Праграма адправіць па спісе тэлефонных нумароў паведамленне з месцазнаходжаннем.

У Расіі аналагічная праграма — "Чырвоная кнопка" — з'явілася ў 2017 годзе падчас пратэставых акцый Аляксея Навальнага. Цяпер стваральнікі праграмы "падцюнілі" яе для Беларусі. І дадалі функцыю адкладзенага запуску: перад акцыяй пратэсту чалавек можа выставіць для "Чырвонай кнопкі" таймер. Калі час мінае, а таймер не выключаецца, то карыстальнік лічыцца затрыманым і яго звесткі адпраўляюцца праваабаронцам. Аналагічная функцыя ёсць і ў "Дапамогі".

Skarga.help — генератар скаргаў

Праект, які нарадзіўся ў хабе "Перамен". Ён стаў пераможцам першага анлайн-хакатона. Сутнасць у тым, каб любы чалавек мог згенераваць скаргу або зварот у дзяржорган без адваката, сам. На старонцы карыстальніку трэба толькі выбраць праблему і ўставіць звесткі. 

Стваральнікі называюць праект інструментам мірнага пратэсту. "Мы спадзяёмся, што праект будзе карысны не толькі ў бягучай сітуацыі барацьбы з прававым дэфолтам, але яшчэ і дапаможа пабудаваць цудоўную Беларусь будучыні".

"Рупар COVIDа" — рэальная статыстыка па COVID-19

Яшчэ адзін сайт з хаба "Перамен" — сацыяльны праект, які развязвае дзве задачы: збор інфармацыі па захваральнасці на COVID-19 і інфармаванне пра прафілактыку інфекцыі.

Тыдзень таму на сайце запусцілі апытанні для пацыентаў і медыцынскіх работнікаў. Па іх выніках стваральнікі змогуць расказаць пра рэальную сітуацыю з каранавіруснай інфекцыяй у краіне.

Nedze — каб хутчэй знайсціся

Праграма, якая дапамагае перадаваць блізкім інфармацыю пра тое, што адбываецца з уладальнікам тэлефона і дзе ён знаходзіцца.

Адна з самых цікавых функцый праграмы — "рабіць фота". Яна дазваляе выкарыстоўваць камеру тэлефона пры разблакаванні або ўключэнні экрана. Робіцца гэта ўсё ў фонавым рэжыме і цалкам незаўважна. Створаныя запісы захоўваюцца на воблаку да 30 дзён.

“Марш” — арыентавацца ў горадзе

Кожныя выхадныя ў Мінску абмяжоўваецца доступ да мабільнага інтэрнэту. Гэта новая рэальнасць, у якой не ратуюць раней актуальныя інструменты — VPN, проксі і ўсё такое.

Праграма "Марш" выглядае як афлайн-карта, на якой схематычна пазначана важная для дэманстрантаў інфармацыя: сілавікі, спецтэхніка, пратэставая калона, месцы "хапуну". Праграма выкарыстоўвае для абнаўлення і перадачы інфармацыі СМС-шлюзы або спецыяльны тэлеграм-канал, а яшчэ рассылае інфармацыю іншым карыстальнікам, якія знаходзяцца побач, праз bluetooth.

Распрацоўшчыкі манітораць усё, што адбываецца ў горадзе, ва ўсіх магчымых крыніцах і публікуюць звесткі ў выглядзе шыфру. Праграма запампоўвае гэты шыфр і ператварае яго ў аб'екты на карце. Абнаўленні з інтэрвалам ад 2 да 20 хвілін.

Krama — што купіць, каб не фінансаваць рэжым

Праграма ўмее сканаваць штрых-коды праз камеру тэлефона. Яна звяраецца з масівам звестак і раіць пратэстоўцам, якія тавары можна купляць, а якія не варта, бо іх вытворцы ўдзельнічаюць у фінансаванні беларускага рэжыму, датычныя да яго ці неяк спрыяюць яго існаванню. А калі вы сабраліся купіць піва — вам нагадаюць пра акцызы, даход ад продажу якіх атрымліваюць улады.

Распрацоўшчыкі праграмы — тры энтузіясты. Праграму апублікавалі для запампоўвання ў пачатку верасня, 13-га яго ўхвалілі для сваіх платформаў Apple і Google. За месяц было 90 тысяч запампоўванняў.

 

"Хлопатнае дзельца" — ганяць ва ўсю моц

"Прышчапіць добрую звычку — хлопатнае дзельца. Ганяць ва ўсю моц раніцамі або вечарамі, кінуць курыць. Усё гэта дастаткова сур'ёзныя рэчы, якія патрабуюць кантролю і намаганняў. З гэтай праграмай у цябе атрымаецца не проста бегаць трушком! Кідай курыць і будзь здаровы", — так напісана ў апісанні праграмы.

З'явілася яна праз некалькі дзён пасля таго, як Сяргей Міронаў, затрыманы на пратэставым маршы ў Мінску, сказаў на міліцэйскую камеру некалькі фраз, якія сталі мемамі: "Я лічу, што трэба кідаць курыць, чым я збіраюся заняцца ў найбліжэйшыя 15 сутак. І бегаць раніцай па паўгадзіны, прычым не так трушком, а сур'ёзна ганяць ва ўсю моц".

У гэтым і сутнасць праграмы. На стартавым экране карыстальніку прапануецца выбраць любую са спраў, якой ён збіраецца заняцца ў найбліжэйшы час, — гэта кінуць курыць або пачаць бегаць. Праграма падлічвае колькасць дзён і тым самым матывуе карыстальніка.

"Шукаем блізкіх"

У жніўні ў "Тэлеграме" з'явіліся і сталі папулярныя каналы, якія вядуць валанцёры для дапамогі затрыманым і іх родным. Яны акумулююць звесткі з усіх даступных крыніц, збіраюць інфармацыю пра затрыманых, іх канваяванне з ізалятара ў ізалятар, судовыя працэсы.

"Спецыяльны сайт, які створаны і падтрымліваецца валанцёрамі канала @spiski_okrestina з усіх даступных крыніц. Першапачаткова сваякі і знаёмыя затрыманых знаходзілі прозвішчы ў спецыяльна створаных тэлеграм-чатах, а пасля гэтага нарадзілася ідэя стварыць сайт", — так сказана ў апісанні сайта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.