Вы тут

Са слязамі на вачах. Як жыхары Данбаса атрымліваюць расійскае грамадзянства

"Грамадскае"

Ужо тыдзень у Растоўскай вобласці выдаюць расійскія пашпарты жыхарам акупаванага Данбаса па спрошчанай сістэме. У РФ кажуць: ахвотных шмат, але працэдура ўсё яшчэ тэстуецца. Уладзімір Пуцін абяцае змяніць правілы і зрабіць працэдуру яшчэ больш зручнай для тых украінцаў, якія хочуць стаць грамадзянамі Расіі.

У той жа час украінскія і еўрапейскія дыпламаты штодня заяўляюць, што асуджаюць дзеянні Расіі і называюць гэту "пашпартызацыю" парушэннем Мінскіх пагадненняў. На дадзены момант працуе толькі два пункты выдачы дакументаў і абодва знаходзяцца ў Растоўскай вобласці — у Навашахцінску і Пакроўску. Адтуль да расійска-ўкраінскай мяжы, якую Украіна цяпер не кантралюе, — 20 кіламетраў. З Луганска і Данецка туды штодня па буднях курсуе аўтобус "Спецыяльныя перавозкі" з нумарамі так званых ДНР і ЛНР. "Грамадскае" паехала ў Растоўскую вобласць, каб на свае вочы пабачыць, як гэта адбываецца, і спытаць у людзей, навошта ім грамадзянства РФ.

У Расію праз ФСБ

Украінскаму журналісту, каб даехаць у Навашахцінск Растоўскай вобласці, куды ад Луганска — рукой падаць, цяпер трэба рабіць вялікі крук. А яшчэ — пагутарыць з работнікамі ФСБ у аэрапорце: расказаць, хто фінансуе тваё медыя і дзе працуе і жыве твая мама.

Калісьці шахцёрскі горад Навашахцінск быў вельмі падобны на Данбас — такія ж палі і курганы, такая ж гаворка, мясцовы дыялект рускай мовы. Праўда пасля эканамічнай рэформы ў 2003 годзе, калі Расія аддала перавагу нафту і газу перад вугалем, руднікоў тут амаль не засталося. Людзі едуць працаваць у суседні горад Шахты (другі па насельніцтве ў вобласці) і Растоў-на-Доне.

На мяжы гэтых двух гарадоў — "кацюша" з трыкалорам і матывацыйныя білборды "горад алімпійскіх спартсменаў", "горад шчаслівых людзей". Так жыхароў падахвочваюць ганарыцца сваёй малой радзімай.

Наваколлі Навашахцінска ўжо падобныя да пасляваеннага Данбаса — з разбуранымі дамамі. Але іх падкасілі не снарады, а занядбанасць. У мясцовым Доме культуры, ці, як тут кажуць, у клубе, адкрылі пункт выдачы расійскіх пашпартоў для жыхароў акупаванага Данбаса. Дырэктар Дома культуры расказвае, што вясной ім давялося пацясніцца. Яна адмаўляецца гаварыць на камеру. А падчас размовы тэлефануе камусьці, каб не сказаць лішняга журналістам: "Надзея Іванаўна, а як мы да пашпартоў адносімся? Добра, ага".

"Прысягу прынеслі, да гэтага часу слёзы на вачах"

А палове на дзясятую раніцы пад абабітым пластыкам домам, які ахоўвае Расгвардыя, спыняецца аўтобус. І хоць на ім напісана "Масква", прыехаў ён з акупаванага Луганска. І нумары ў яго — з літарамі LPR (luhansk people`s republic). Пазней нас папросяць не здымаць, таму што часам гэты аўтобус ездзіць на падкантрольную тэрыторыю Украіны, праўда, ужо з іншымі нумарамі.

У салоне прыкладна паўсотні чалавек. Нам дазваляюць з імі гаварыць, але толькі каля аўтобуса. Унутр цэнтра выдачы пашпартоў заходзіць нельга, вакол — жалезныя краты. Пасажыры расказваюць, што напярэдадні ўсе атрымалі "шчаслівы званок" аб тым, што іх пашпарт гатовы.

Аўтобус з нумарамі так званых ДНР і ЛНР прывозіць украінцаў, якія хочуць атрымаць пашпарт грамадзяніна РФ / "Грамадскае"

Дар'я — першая, хто не хаваецца ад мікрафона. Яна нарадзілася і жыве ў Луганску, працуе масажысткай у мясцовым салоне прыгажосці. Тым самым развенчвае міф, што ў першую чаргу расійскае грамадзянства дазволілі атрымліваць ваенным і так званай адміністрацыі. На пытанне, навошта ёй грамадзянства РФ, адказвае:

Для мяне гэта магчымасць папрацаваць, больш шанцаў у плане перамяшчэння і заробку. Для навучання нейкага дадатковага.

— А калі атрымаеце пашпарт, будзеце ў Луганску жыць ці пераедзеце ў Расію? — удакладняем мы.

Па сітуацыі, яшчэ не вырашыла, — усміхаецца яна.

Гэтую групу суправаджаюць два мужчыны ў цывільным. Яны прыехалі з самаабвешчанай "ЛНР". Мужчыны даюць указанні, каго здымаць можна, а каго — не: "Вялікая просьба, людзей — менш. У нас тут супрацоўнікі".

Тыя, з кім гаварыць не дазваляюць, — гэта сілавікі і так званая вярхушка ўлады. Мужчына, парфюм якога чуваць здалёку, і яго спадарожніца ў кароткай сукенцы ў гарошак хаваюцца за аўтобусам.

Людзі пенсійнага ўзросту таксама гаварыць на камеру не хочуць, а вось сёстры Анжаліка і Вераніка — настаўніцы ў школе Луганска — расказваюць, што паспелі падаць дакументы не толькі на ўнутраны пашпарт РФ, але і на замежны:

"Вядома, хочацца паехаць кудысьці, да ваенных дзеянняў мы падарожнічалі ў ЕС, напрыклад, а цяпер пяць гадоў нікуды не ездзім".

З цэнтра выдачы пашпартоў выходзіць супрацоўнік расійскага МУС, просіць людзей выстраіцца, жартуе: "Колючыя, рэжучыя (прадметы ёсць. — Рэд.)? Выбуховых рэчываў няма? Глядзіце, а то дзяўчат асабліва старанна правяраюць (смяецца. — Рэд.)". Пасля чаго забірае людзей у будынак. Там ім выдадуць пашпарты, нагадаюць заканадаўства Расіі, дадуць паслухаць расійскі гімн і правядуць цырымонію прысягі. Журналістаў туды не пускаюць.

Пункт выдачы пашпартоў ахоўваецца расійскай паліцыяй / "Грамадскае"

Праз паўгадзіны выходзяць першыя "наваспечаныя грамадзяне", яны задаволеныя:

"Прысягу прачыталі, усё як трэба, гімн паслухалі. Усё добра, да нас так добра паставіліся. Я нават праслязілася, бачыце? У мяне да гэтага часу слёзы на вачах", — хваляцца дзве жанчыны пенсійнага ўзросту.

Сёстры-настаўніцы выходзяць і хутка хаваюць пашпарты ў заплечнікі. Кажуць, хваляваліся, але настрой святочны. Усё сур'ёзна, расказваюць яны, нават знялі адбіткі пальцаў. Але засталіся нявырашаныя пытанні, напрыклад, як быць з прапіскай? Зараз гэтая старонка ў новых пашпартах РФ для жыхароў Данбаса пустуе, і гэта ўжо клопат саміх грамадзян:

"Калі будзе, дзе прапісацца, тады трэба прыехаць і паставіць. Як мы ведаем, паводле расійскага закона, трэба за сем дзён прапісацца. Але з-за таго, што мы з "ЛНР", нам падоўжаць гэты тэрмін. Але як і наколькі — незразумела да гэтага часу".

Не ведаюць яны і тое, ці будуць атрымліваць нейкія сацвыплаты і пенсіі ад Расійскай Федэрацыі, але мяркуюць, што хутчэй за ўсё не. Цяпер у кожнага па тры пашпарты — расійскі, украінскі (яго таксама ніхто не забіраў) і "рэспубліканскі", які ніхто, акрамя Расіі, не прызнае. Але кажуць, што ганарацца тым, што могуць называць сябе грамадзянамі РФ.

Масажыстка Дар'я таксама выходзіць з пашпартам. Пытаем яе — калі Данбас вернецца ў склад Украіны, дапусцім на правах аўтаноміі, што будзе рабіць з гэтым дакументам:

"Гэта складанае пытанне, я зараз па-за палітыкай. Людзі аднолькавыя, пацярпелі і там, і там. Маці таксама і там, і там. Але зараз Луганск бліжэй да Расіі... Я не ведаю, ёсць кіраўнікі, мы падпарадкоўваемся ім. Калі ёсць кіраўнік, мы павінны паважаць і прымаць яго рашэнні".

Праз 3-4 гадзіны ўсе зноў садзяцца ў аўтобус з "лнраўскімі" нумарамі і едуць дадому. Заўтра прыедуць наступныя 50 чалавек.

Дар'я нарадзілася і жыве ў Луганску, працуе масажысткай у мясцовым салоне прыгажосці. Яна атрымала пашпарт РФ / "Грамадскае"

"Сталі грамадзянамі — цяпер пачынаюць акупаваць прыгранічныя тэрыторыі Расіі"

Мы едзем у цэнтр горада. Тут — нібы закансерваваны Савецкі Саюз. Шыльды на крамах і кафэ амаль не мяняліся з 90-х гадоў. Мала кафэ, шмат піва на разліў. А яшчэ ў вочы кідаюцца помнікі Леніну, цару Аляксандру II і сярпы з молатамі. Ва Украіне ад гэтай, ужо забароненай, сімволікі вока адвыкла.

Жыхары Навашахцінска, які за 20 кіламетраў ад расійска-ўкраінскай мяжы, аб ініцыятыве маскоўскіх улад выдаваць жыхарам акупаванага Данбаса пашпарты ведаюць. Пра гэта ім расказваюць па тэлевізары. Але не ўсе ведаюць, што гэта адбываецца менавіта ў іх горадзе. Мясцовыя кажуць гэтак жа асцярожна, таму што "ўладам лепш відаць".

Жанчыны, якія адпачываюць у цені, здзіўляюць "талерантнасцю": "Хай хоць негрыцянкі, хоць негры атрымліваюць. Абы не было вайны. У нас ёсць сваякі ва Украіне. У Магадан з'ехалі з-за гэтага. Так што хай прыязджаюць і працуюць у Расіі".

"Людзі, якія жылі ў СССР, яны такія ж рускія, як і мы ўсе. Няхай будуць у іх пашпарты", — дадае іншая.

Навашахцінск / "Грамадскае"
Навашахцінск / "Грамадскае"

Каля кіёска з піражкамі сустракаем Андрэя з жонкай. Ён з Луганска і працуе ў Навашахцінску нелегальна. Кажа, што таксама хоча расійскі пашпарт, але, каб атрымаць яго, трэба стаяць у чарзе гадзінамі. У пунктах прыёму дакументаў у акупаваных Данецку і ​​Луганску чэргі па 700-800 чалавек. І ехаць туды дорага. У Расіі ж дакументы не прымаюць:

"Мы б з задавальненнем. Прывілеяў гэта ніякіх не дае, але з таго боку заставацца — ну ніяк". І дадае: "Пераязджаць не планую, у мяне там свой дом, жыць я хачу там. Думаю, у рэшце рэшт нас далучаць да Расіі".

Навашахцінск / "Грамадскае"

Прагнозы навашахцінцаў не такія аптымістычныя, хоць і не ўсе адважваюцца гэта агучыць. Аб далучэнні Данбаса да Расіі сярод мясцовых ніхто не кажа. Так навашахцінец Аляксандр наогул называе жыхароў Данбаса "акупантамі":

"Такая колькасць (новых) расійскіх грамадзян павінна атрымаць не проста слова "грамадзянства", але і нейкія сацыяльныя гарантыі і льготы. Да карэнных расіян дададуцца яшчэ і людзі, якія па-свойму няшчасныя, гэта ўсё пагоршыць сітуацыю ў прыгранічных гарадах. Яны не паедуць у Маскву, Піцер, Краснадар. Яны застануцца тут, тут усё стане акупаваным".

Пры падтрымцы "Медиасети"