Рынкевіч: У Васілевіча ёсць шанц зрабіць добры ўчынак — вызваліць Казуліна

Навіна аб прызначэнні генеральным пракурорам Беларусі Рыгора Васілевіча замест Пятра Міклашэвіча, які ўзначаліць Канстытуцыйны суд, выклікала ажыўленае абмеркаванне ў юрыдычнай супольнасці краіны.
Кадравую ракіроўку пракаментаваў Еўрарадыё былы адвакат палітвязня Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч. На яго думку, сур’ёзных зменаў чакаць не варта, паколькі ўсе важныя рашэнні па ранейшаму прымаюцца “на самым версе”. Што датычыцца лёсу палітвязняў і, у прыватнасці, прафесара Аляксандра Казуліна, Ігар Рынкевіч зазначыў:

“У кожнага чалавека за жыццё ёсць магчымасць зрабіць добры ўчынак. І Рыгору Васілевічу выпадае такая магчымасць. Калі ён зойме прававую пазіцыю, калі ён будзе кіравацца прынцыпамі законнасці, вядома, ён павінен вярнуцца да перагляду справы Аляксандра Казуліна. Не проста вызваліць, а рэабілітаваць”.


Ігар Рынкевіч нагадаў, што Казулін накіраваў мноства зваротаў на імя былога генпракурора Міклашевіча. Напярэдадні сваёй галадоўкі ўвосень 2006 года прафесар накіраваў апошні зварот, у якім выказаў недавер генпракурору і заявіў аб "спыненні з ім усялякай перапіскі". Экс-адвакат палітвязня не выключае магчымасці аднаўлення перапіскі Казуліна ўжо з новым генпракурорам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі