Ryanair можа адмовіцца ад 30 маршрутаў з Польшчы

Папулярны ірландскі авіяаператар Ryanair можа рэзка зменшыць сваю прапанову. Яшчэ нядаўна казалі, што колькасць маршрутаў будзе толькі павялічвацца. Але, як высветліў партал Pasazer.com, у сістэме браніравання ірландскай кампаніі колькасць напрамкаў з Польшчы паменшылася на 32. Варшаўскія рэйсы нібыта не зменяцца, затое змены закрануць, сярод іншага, Вроцлаў, Кракаў, Гданьск, Познань.

“Не тое каб квіткі на асобныя рэйсы дрэнна прадаваліся альбо мы не ладзілі з аэрапортамі. Проста нам не хапае самалётаў. Адсюль і скарачэнні не толькі ў Польшчы, але і па ўсёй Еўропе. Новыя самалёты чакаюцца ў верасні,  а пасля можаце разлічваць на чарговую змену нашай прапановы”,  — кажа Катажына Габорэс, адказная за маркетынг Ryanair у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

І сапраўды, сігналы аб скарачэнні авіярэйсаў сталі прыходзіць і з Нарвегіі: колькасць маршрутаў з аэрапорта “Осла Руге” скароціцца з 44 да 39. Хаця дырэктар аэрапорта Пал Тандберг абяцае хутка выправіцца:

“У нас быў вялікі рост у апошнія гады , так што мы згодныя зараз стабілізаваць сітуацыю. Мы гатовы спрачацца, што ў 2015-м будзе новы рост”.

 У Польшчы ж ад скарачэнняў пацерпяць, у першую чаргу, рэгіянальныя аэрапорты. Некаторыя з іх амаль цалкам завязаныя на супрацоўніцтве з Ryanair. А таксама могуць сутыкнуцца з праблемамі… беларусы. Бо прывыклі вандраваць таннымі лініямі з Польшчы. Для параўнання Еўрарадыё паглядзела кошты на палёт да Парыж-Бавэ (70 км ад французскай сталіцы), выбраўшы выпадкова апошні тыдзень сакавіка. Дарога ў адзін бок абыдзецца ў 45-65  долараў. У той час як такая вандроўка з яшчэ аднаго “блізкага” аэрапорта ў Еўрасаюзе, віленскага, каштуе хай і нязначна, але даражэй — 50-73 долары. Для цікавасці: самы танны “рэгулярны” квіток да Парыжа з Мінска ў 4-5 разоў даражэйшы за польска-літоўскія — каля 236 долараў. І тое калі трапіш на “спецпрапанову”.

У тыя ж даты дарога з Варшавы да Барселоны каштуе 47-68 долараў, а з Вільні — 68-81.

Тым часам добрыя навіны для беларускіх вандроўнікаў могуць прыйсці з Украіны. Якая, не падпісаўшы пагадненне аб асацыяцыі, усё ж такі падпісала іншае важнае пагадненне з ЕС — “Аб адкрытым небе”.

“Для авіяпасажыраў гэта азначае больш магчымасцяў для вандровак і зніжэнне коштаў на авіяквіткі пасля прыхода ў краіну новых лоўкост-авіякампаній. Праўда, паўнавартасна гэта пагадненне запрацуе толькі з 31 сакавіка 2015 года”, —  паведамляе інфармацыйнае агенцтва ЛIГАБiзнесIнформ.

Варта сказаць, што ва Украіне ўжо прысутнічае лоўкост-кампанія — Wizzair, да якой хутка можа далучыцца і той жа Ryanair.

Фота: ibtimes.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі