Румас і Мядзведзеў па тэлефоне абмеркавалі інтэграцыю і пастаўкі нафты і газу

Сяргей Румас / Еўрарадыё
Сяргей Румас / Еўрарадыё

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас і старшыня ўрада Расіі Дзмітрый Мядзведзеў па тэлефоне абмеркавалі пытанні "паглыблення інтэграцыі", а таксама пастаўкі ў Беларусь расійскіх нафты і газу.

Асноўнай тэмай размовы было тое, як выконваюцца даручэнні, дадзеныя урадам дзвюх краін Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным на перамовах у Сочы 7 снежня 2019 года. Кіраўнікі ўрадаў склалі графік наступных кантактаў па пытаннях інтэграцыі дзвюх краін. Яны дамовіліся стэлефанавацца на наступным тыдні — пасля таго, як сустрэнуцца кіраўнікі рабочай групы па выпрацоўцы прапаноў аб далейшым развіцці беларуска-расійскай інтэграцыі.

Акрамя таго, Румас і Мядзведзеў абмеркавалі першачарговыя пытанні па пастаўках нафты і газу на 2020 год. Падрабязнасцяў прэс-служба Савета міністраў Беларусі не паведамляе. Прэс-служба ўрада Расіі таксама не раскрывае падрабязнасцяў размовы. Аднак заўважае, што яна адбылася з ініцыятывы беларускага боку.

Падпісанне дакументаў па "паглыбленню інтэграцыі" Беларусі і Расіі было запланаванае на 8 снежня — 20-ю гадавіну стварэння Саюзнай дзяржавы. Аднак тады Лукашэнка і Пуцін нічога не падпісалі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі — менавіта праз рознагалоссі па пытаннях цаны на нафту і газ. Наступная іх сустрэча пройдзе 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі