Рост коштаў на тавары пачаўся з памперсаў

Прадукты, якія пастановай № 141 адпусцілі ў вольнае эканамічнае плаванне, альбо даражэюць павольна, альбо ўвогуле не даражэюць з-за нізкага пакупніцкага попыту. Еўрарадыё зладзіла маніторынг у мінскіх гандлёвых цэнтрах і крамах.
Пастанова Мінэканомікі № 141, якая пачала дзейнічаць з 30 кастрычніка, не зрабіла на рынках рэвалюцый. З аднаго боку, гандляры цяпер самі могуць усталёўваць кошты на тавары. З іншага — аж 50 стратэгічных пазіцый, а гэта некаторыя дзіцячыя тавары, мука, рыс, грэчка, памідоры, апельсіны, малако, мука і іншае, будуць па-ранейшаму кантралявацца дзяржавай. 

Заходзім на папулярны ў Першамайскім раёне сталіцы мінірынак “Уручча-3”, каб праверыць, ці моцна змяніліся кошты з прыняццем пастановы № 141. Набліжаемся да шапіка з кавай і гарбатай. Аказваецца, кошты тут застаюцца на ранейшым узроўні. Папулярны чорны “Ліптан” у пакеціках як быў 5100 рублёў месяц таму, так і застаўся.  

“Бывае там 100-200 рублёў перапад у адзін ці іншы бок, але значных падаражэнняў дакладна не было”, — запэўнівае прадавачка шапіка

У мясным павільёне гэтага ж рынку кошты на дзіва не падскочылі ні на цялячае філе, ні на сыравэнджаную каўбасу, ні на салямі — усе гэтыя прадукты не ўваходзяць у лік 50-і сацыяльна падкантрольных. Прадавачка цёця Наташа тлумачыць, чаму кошты не пайшлі ўверх:   

Цёця Наташа: “Адкуль жа ў нас можа падвышацца? Мы ж не можам падымаць, каб людзі не куплялі”.

А вось маладым бацькам, падобна на тое, прыйдзецца нясоладка. Кошты на памперсы пацягнуліся ўверх. Пытаемся ў прадавачкі Лены, колькі каштуе пачак падгузнікаў “Памперс” (70 штук для дзяцей ад 7 да 18 кг). У канцы месяца тут жа памперсы можна было набыць за 71 тысячу рублёў.

“73900, ці тое яшчэ будзе! — занепакоена адказвае Лена. —  Зараз вольныя кошты будуць, зараз гандлёвыя кампаніі ўлупяць кошты свае. Калі раней кошты ўтрымлівалі ў нейкай норме, то што будзе зараз, невядома”. 

Адпраўляемся ў гандлёвы цэнтр “Бігз”, дзе на мясцовай паркоўцы размаўляем з кліентамі. Пытаемся у пакупніка Васіля Раманавіча, ці падняліся кошты. 
  
Васіль Раманавіч: “Не заўважыў, хіба што на хлеб. Хлеб там вельмі дарагі. Той хлеб, які яны самі выпякаюць, агромністая цана. На каўбасы кошт нібыта не павысіўся. І на малочныя прадукты нібыта засталося, як і было”. 

У камерцыйнай краме “Пятачок” кіруемся да аддзелу з рыбнымі дэлікатэсамі. Прадавачка лепіць на селядцы “Санта-Брэмар” новыя цэтлікі з коштамі. Пытаемся: няўжо селядцы падаражэлі? Аказваецца, гэта новая партыя тавару, а кошты трымаюцца на адным узроўні ўжо доўгі час.  
 
Прадавачка “Пятачка”: “Напэўна, так ужо месяцы тры. Пакуль цэны не павышаліся”. 

Цікава, ці папаўзуць уверх кошты на адзенне.
 
“Павышацца кошты не будуць. У залежнасці ад долара ў нас кошты альбо павышаюцца, альбо паніжаюцца, — запрасіла Еўрарадыё ў сваю гандлёвую кропку прадпрымальніца гандлёвага цэнтру “Манетка” Вольга Дзмітрыеўна. —  У прыватнасці, на дадзены момант кошты паніжаюцца, таму што долар робіцца ніжэйшы”. 

Тут жа Вольга Дзмітрыеўна тэлефануе сяброўцы, прадавачцы мясам, на суседні Камароўскі рынак. Сяброўка пацвердзіла, што нават намёкаў на падаражэнне мяса пакуль няма.  

Вольга Дзмітрыеўна: “Зараз сезон, людзі апранаюцца. Якія грошы ёсць, людзі стараюцца набыць нейкія дарагія рэчы. А на мясе заўсёды, напэўна, хочуць зэканоміць. Таму на цяперашні момант мяса павышацца не будзе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі