Робі Уільямс у Мінску: з сабакам, сотняй чалавек персаналу і подыумам

Праз пяць дзён, 15 красавіка, на "Мінск-Арэне" выступае Робі Уільямс. Канцэрт брытанскай поп-зоркі адбудзецца ў межах сусветнага туру "Let Me Entertain You". Робі нават склаў рэйтынг канцэртаў, якія ўжо адбыліся і якія яму спадабаліся. На першае месца спявак паставіў шоў у суседскім Коўне, потым ідзе першы канцэрт у Парыжы, трэцяе месца — канцэрт у Рызе.

Калі параўноўваць сэт-лісты туру, то ў гарадах Іспаніі канцэрты былі самымі працяглымі. Робі Уільямс выканаў у Мадрыдзе і Барселоне па 24 песні, сярод якіх былі таксама каверы на Queen, Джоржа Майкла і R.Kelly. Некаторыя свінгавыя кампазіцыі (а Робі вялікі аматар свінгу, як вядома) уключалі вытрымкі з твораў AC/DC, Lorde, Jay Z і Глорыі Гейнар.


Падчас парыжскага канцэрта сэт-ліст Робі страціў два нумары — песень засталося 22. Да каўнаскага шоў даехала ўжо 19. У Рызе спявак зноў вярнуўся да 22 песень. Любімыя ўсімі “Feel”, “Angels”, “Supreme”, “Come Undone”, “Let Me Entertain You”…

Сэт-ліст парыжскіх канцэртаў

Пасля маскоўскага канцэрта Робі Уільямса (12 красавіка) у Мінск пацягнецца картэж з 20 грузавікоў, якія даставяць 50 тон абсталявання для шоў. Брытанец прыхопіць з сабой каля 100 чалавек. Ну і ўсю гэтую сотню, натуральна, трэба карміць. Таму 6 кухараў, якія згадваліся ў знакамітым райдары Робі Уільямса — праўда. Як і ўсё астатняе: 48 яек, 24 пончыкі, 30 канапаў і 50 кг лёду!


"Усё, што пісалі, — праўда, даволі шмат прадуктаў. Праблема ў тым, што многія прадукты і многія стравы, якія прывыклі есці брытанцы, у нас цяжка знайсці! Таму нешта яны возяць з сабой, нешта набываюць тут і гатуюць на ўсю вялікую кампанію", — распавядае Кацярына Доўнар з кампаніі-арганізатара канцэрта AllStars.

Такімі пончыкамі кармілі Робі і кампанію ў Піцеры

З Робі Уільямсам у тур выправіліся яго бацька (ён бэк-вакаліст сына) і сабака Спэнсэр.


"Праўда, не ведаю, ці будзе Спэнсэр на канцэрце", — працягвае Кацярына.

Сцэна, якую прывязе з сабою Робі Уільямс, складаецца з дзвюх частак: асноўная і подыум, які ладзіцца паўколам. Паміж імі — supreme-фан-зона:


"У 400 чалавек будзе шанец практычна паўдзельнічаць у самім канцэрце, таму што яны будуць знаходзіцца ўнутры сцэны".

Мантаж сцэны ў Лядовым палацы ў Піцеры

Квіткі ў supreme-фан-зону на Робі Уільямса яшчэ ёсць. Ёсць і іншыя варыянты. Напрыклад, калі кампанія з трох чалавек набудзе тры квіткі, то чацвёртага чалавека яна можа правесці задарма. Увогуле, квіткі на брытанскую зорку ў Мінску адны з самых дэмакратычных у туры. Мінімальная цана — 41 долар. Максімальная — 272. Самы танны квіток на канцэрт Робі Уільямса Еўрарадыё знайшло ў Бялградзе — 33 еўра, а самы дарагі (калі браць еўрапейскую частку туру) — у аўстрыйскім Лінцы: 700 еўра.

Фота: з суполкі Робі Уільямса, а таксама gimmeyourlovemixedwithsin.tumblr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі