ЖРЭА: Мы на машынах высяляць БНФ не паедзем

З’ехаць з офіса па вуліцы Машэрава Партыю БНФ абавязалі да 14 ліпеня. Абмяркоўваўся нават варыянт, што ў гэты дзень высяляць “бэнээфаўцаў” прыедуць з міліцыяй. Але нічога такога не адбылося – партыйцы не выходзілі за дзверы офіса з апошнімі клункамі, а камунальнікі не стаялі пад дзвярыма ў чаканні іх выхаду.

У размове з Еўрарадыё намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў, што яны падалі чарговую скаргу на рашэнне аб высяленні партыі. Гэтым разам – у Вышэйшы гаспадарчы суд.

Рыгор Кастусёў: "Мы зараз падрыхтавалі і перадалі ў Вышэйшы гаспадарчы суд касацыйную скаргу. Зразумела, што гэтая скарга ў Вышэйшы гаспадарчы суд не прыпыняе рашэння Калегіі Мінскага гарадскога суда аб высяленні. Але мы адначасова звярнуліся і да судовага выканаўцы Нікуліна з Мінскага гаспадарчага суда і звярнуліся да камунальнікаў з тым, каб яны прыпынілі нашае высяленне да разгляду нашай скаргі".

І таму ў любы момант чакаюць прыходу або судовага выканаўцы, або прадстаўнікоў сілавых структураў.

Вось толькі дырэктар ЖРЭА Савецкага раёна Мінска Анатоль Ярашэвіч прызнаўся Еўрарадыё, што выводзіць партыйцаў з офіса ў кайданах камунальнікі не збіраюцца – калі пададзена на апеляцыю, то яны вымушаныя чакаць чарговага судовага рашэння.

Анатоль Ярашэвіч: “Ніхто іх выводзіць адтуль не будзе. Калі яны падалі ў суд, і мне паведамілі, што яны падалі ў суд, мы будзем чакаць рашэння суда. Ніякіх дзеянняў ЖРЭА прадпрымаць не будзе: па законе, калі пададзеная апеляцыя – мы будзем чакаць яе разгляду”.

Калі ж рашэнне будзе на карысць ЖРЭА, то высяляць былых арандатараў з памяшкання будуць не самі камунальнікі, а судовыя выканаўцы.

Анатоль Ярашэвіч: “Мы на такія мерапрыемствы самі не выязджаем. Тут мы працуем толькі па рашэнні суда і толькі з судовым выканаўцам”.

Калі будзе разглядаць апеляцыю Партыі БНФ Вышэйшы гаспадарчы суд пакуль не вядома. Але перад гэтым будзе папярэдняе слуханне, падчас якога бакам прапануюць пайсці “на міравую”. Але ЖРЭА, кажа Анатоль Ярашэвіч, будзе катэгарычна настойваць на высяленні былога арандатара.

Анатоль Ярашэвіч: “Дадзеная арганізацыя, якая прысутнічала ў нас, мела неаднаразовыя парушэнні па аплаце. І другое – ЖЭС №72, які знаходзіцца ў гэтым жа будынку, ён знаходзіцца ў такіх умовах! Можаце схадзіць, паглядзець. У той час, калі мы аказваем платныя бытавыя паслугі, нам важна, каб было, дзе размясціць, паказаць – што мы можам. А калі мы самі знаходзімся ў такой халупе, то што мы можам людзям прапанаваць?! А там усё ў адным месцы – адчыняюцца дзверы і ўсё, будзе для ЖЭСа памяшканне. Нам гэта памяшканне, вядома, патрэбнае. Але тут будзе не маё рашэнне асабістае”.

І запэўніў, што ніякага загаду “зверху” па высяленні Партыі БНФ з офіса яны не атрымлівалі.

Анатоль Ярашэвіч: “Ніякага загада нам не паступала, ніхто нас не падштурхоўвае ў гэтым пытанні. Але падставы ў нас ёсць. І мы, ЖРЭА, не пойдзем на тое, што мы будзем нейкія крокі прадпрымаць супрацьпраўныя – мы будзем працаваць толькі па законе. Будзе рашэнне суда на карысць БНФ – значыцца застанецца БНФ на месцы”.

У той жа час самі партыйцы рыхтуюцца менавіта да сілавога высялення. Па словах Рыгора Кастусёва, самі яны ў выпадку адмоўнага рашэння Вышэйшага гаспадарчага суда высяляцца не будуць. Праўда, прызнаўся, што некаторыя рэчы яны ўжо павывозілі і падпісалі дамову аб арэндзе іншага памяшкання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі