Затрыманых паплечнікаў Дзмітрыя Уса адпусцілі

На Уладзімера Катрыча, які яшчэ з двума брэстаўчанамі быў затрыманы ў Кобрыне, склалі пратакол за пратэрмінаванае тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіля, інфармуе Радыё Свабода. Спадар Катрыч кажа, што ў Кобрынскім РАУСе іх трымалі тры гадзіны, хаця аформіць штраф можна было за 5 хвілін на дарозе.

Адпусцілі і чатырох баранавіцкіх актывістаў. Як распавёў Рыгор Грык, міліцыянты патлумачылі ім, што яны падобныя да злачынцаў. Паводле Грыка, міліцыянтам нібыта нехта патэлефанаваў і сказаў, што яны перавозяць выбухоўку. Актывістаў даставілі ў лінейны пункт міліцыі на баранавіцкім вакзале, дзе цягам трох гадзінаў бралі ў іх тлумачэнні.

1 траўня ў Мінску былы кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус планаваў правесці ўстаноўчы сход ініцыятывы па змяненні выбарчага заканадаўства.