Прадзед: Мне пагражалі 10 суткамі, калі не скажу, што такое "ШОС"

У пятніцу на волю з Акрэсціна выйшла Наталля Прадзед, якая правяла за кратамі 10 сутак за адзіночны несанкцыянаваны пікет "супраць гамафобіі ўладаў" 19 ліпеня каля Мінгарвыканкама. Першапачаткова прадстаўнікі ЛГБТ-руху падавалі заяўку на акцыю супраць гамафобіі, аднак мінскія ўлады ім адмовілі. На акцыю выйшла толькі Наталля.

Еўрарадыё паразмаўляла ў жывым эфіры з Наталляй Прадзед адразу пасля яе вызвалення.

Еўрарадыё: Што ж у вас пыталіся супрацоўнікі міліцыі на допытах?
 
Наталля Прадзед: Яны хацелі даведацца, што такое “ШОС”, я ж выйшла з плакатам “ШОС”.

Еўрарадыё: І што вы адказалі?

Наталля Прадзед: Я сказала, што не ведаю, што гэта азначае. Я ўсё гэта сказала ў судзе, мне далі 10 сутак. І яны мне сказалі: “Калі вы нам не скажаце, што гэта азначае, то мы вам дадзім 10 сутак. Проста возьмем і дадзім”. Яны таксама казалі, што забароняць атрымоўваць перадачкі. У выніку, усе ж дазволілі. Яны мне пагражалі, казалі, што і 3 гады дадуць, калі захочуць...


Мяне на дзень маглі адвесці ў асобную камеру, дзе не было ні вады, ні туалетнай паперы. Мне было трэба і піць і ў прыбіральню схадзіць прасіцца. Жудасна сябе проста адчувала. У выніку, калі яны зразумелі, што я нічога не скажу, да мяне падышоў мужчына ў цывільным, паклаў лісток паперы і асадку і сказаў: “Калі прыдуць разумныя думкі ў галаву... пакуль не напішаш, мы цябе не вызвалім адсюль. Будзеш сядзець і мы цябе не будзем карміць”.


Але ў выніку, калі яны зразумелі, што я нічога не напішу, прыйшлі каля дзесяці вечара і адвялі на першы паверх. На наступны дзень да мяне прыйшоў адвакат, мы хацелі напісаць скаргу і папрасілі ў іх аркушы паперы, але яны не далі. Я не хацела патрабаваць, бо яны б яшчэ больш на мяне крычалі. Я баялася... Яны праходзілі побач, я ад страху трэслася, я баялася, што мяне асобна пасадзяць ці яшчэ што”.

Еўрарадыё: Колькі часу вы правялі ў адзіночнай камеры?

Наталля Прадзед: “Каля сутак”.

Еўрарадыё: Пасля свайго вызвалення ці будзеце вы пісаць нейкія скаргі?

Наталля Прадзед: “Так, бо гэта ўсё жудасна было. Я не думала, што ўсе будзе так страшна і небяспечна. Я выходзіла і я была гатовая на “суткі”, але да такіх апытанняў не была гатовая. Я вельмі напужаная зараз”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі