Яцэк Пратасевіч: Беларусь у XXI стагоддзі выкарыстоўвае сталінскія метады

З беспрэцэдэнтна рэзкімі заявамі ў бок беларускіх уладаў выступілі еўрадэпутаты 10 сакавіка, у дзень прыняцца рэзалюцыі, звязанай з заявамі Алеся Міхалевіча і Наталлі Радзінай аб катаваннях у ізалятары КДБ.

Адным з найбольш крытычных выступаў быў ад старшыні Дэлегацыі па адносінах з Беларуссю Яцэка Пратасевіча.

"Шок, што ў XXI стагоддзі ў еўрапейскай краіне, якая пачала супрацоўнічаць з ЕС у межах Усходняга партнёрства, ужываюцца характэрныя для нацызму і сталінізму метады". "Шок, што ў XXI стагоддзі ў еўрапейскай краіне... ужываюцца характэрныя для нацызму і сталінізму метады".

Польскі еўрадэпутат звярнуўся са словамі падтрымкі да экс-кандыдатаў і актывістаў, з заклікам да Аляксандра Лукашэнкі перастаць пераследаваць сваіх грамадзян і не парушаць міжнародныя канвенцыі. Трэцім адрасатам паслання Яцэка Пратасевіча стала Высокі прадстаўнік ЕС па замежнай палітыцы.

"Заклікаю спадарыню Эштан: наспеў час увесці эканамічныя санкцыі, толькі такім чынам мы можам спыніць пераследаванне апазіцыянераў у Беларусі!"

Вельмі рэзка выступіла і былая кіраўніца МЗС Эстоніі Крыстына Оюланд ад імя палітычнай групы лібералаў:

"Я хацела б папрасіць Еўракамісію прадставіць справаздачу аб далейшых дзеяннях супраць рэжыму Лукашэнкі. Таксама я заклікаю еўрапейскія фірмы і інвестараў не ісці ў Беларусь, калі яны не маюць жадання мець справу з крывавымі грашыма і наўпрост ці ўскосна падтрымліваць крымінальны рэжым Лукашэнкі".

Брытанскі еўрадэпутат Чарльз Тэнак (Charles Tannock) параўнаў Беларусь з “Кубай на парозе Еўропы”, а еўрапарламентарый з Польшчы Рышард Чарнецкі ўжыў астранамічны афарызм.

Рышард Чарнецкі: "Хоць Беларусь мяжуе з Еўрапейскім Саюзам, здаецца, што яна аддаленая ад ЕС на 1000 светлавых гадоў...  Там жывуць такія ж еўрапейцы, людзі, якія хочуць адчуваць сябе ў аб'яднанай Еўропе. Але праблема ў прэзідэнце, чалавеку, які вяртаецца да вядомых у СССР метадаў..."

Прысутны на парламенцкіх дэбатах еўракамісар па рэгіянальнай палітыцы Ёханэс Хан фактычна пацвердзіў, што ЕС будзе разглядаць магчымасць увядзення эканамічных санкцый.

Ёханэс Хан: "Еўрапейскі Саюз будзе абмяркоўваць магчымасць дадаць у існы санкцыйны спіс новыя імёны людзей, адказных за апошнія судовыя прысуды і нядаўнія рэпрэсіі. ЕС гатовы разгледзець далейшыя кропкавыя захады ва ўсіх сферах супрацоўніцтва".

Нагадаем, прынятая Еўрапарламентам 10 сакавіка рэзалюцыя "у самай строгай форме" асудзіла катаванні і назвала іх абсалютна недапушчальнымі. Дакумент заклікаў Савет міністраў ЕС падумаць пра ўвядзенне кропкавых эканамічных санкцый супраць пэўных дзяржаўных кампаній.

Апрача таго, у дакуменце падкрэсліваецца, што калі беларускі ўрад неадкладна не зробіць крокі па дэмакратызацыі і пашане правоў чалавека, то "працэс збліжэння ЕС і Беларусі будзе замарожаны, уключна з удзелам Беларусі ва Ўсходнім Партнёрстве".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі