Ворсін: 2-3 адмарожаныя канадцы, якіх узялі для боек, — справа клуба!

Апошняя хвіліна гульні паміж чэхаўскім хакейным клубам “Віцязь” і мінскім “Дынама” на “Мінск-Арэне” з усімі паўзамі доўжылася амаль 13 хвілінаў. Падзеі, што адбыліся у гэты час, па просьбе Еўрарадыё, каментуе старшыня беларускай Федэрацыі хакея Яўген Ворсін. Чыноўнік не ў захапленні ад стратэгіі, абранай “Віцязем” напрыканцы сустрэчы, і паводзінаў трэнера каманды Андрэя Назарава.

Яўген Ворсін: “Калі ў іх бойка ў парадку рэчаў і б’юцца яны і ў Омску, і ў Магнітагорску, і ў нас, і ў Маскве з ЦСКА — што тут казаць. Яны ж не на вуліцы б’юцца. Правіламі не забаронена біцца. Але паводзіць сябе з такім выклікам пасля таго – недапушчальна!”

Па словах старшыні Федэрацыі хакея Беларусі, у Расіі таксама абураныя выхадкай трэнера “Віцязя”. Але гэты інцыдэнт не мусіць паўплываць на адносіны з расіянамі.

Яўген Ворсін: “Я думаю, што ў нас адносіны з расіянамі былі і застаюцца вельмі добрыя. Калі ёсць там 2-3 адмарожаных канадца, якіх узялі, каб біцца, дык гэта справа кіраўніцтва каманды і горада, чые інтарэсы яна прадстаўляе ў КХЛ”.

Канфлікт паміж трэнерам чэхаўскай каманды і дынамаўскімі фанамі адбыўся 6 лістапада на апошняй хвіліне матчу “Дынама” — “Віцязь”. Дынамаўцаў абурыла неапраўдана грубая гульня канадцаў Тарнаскі і Брэнана, і яны пачалі кідаць на лёд пластыкавыя бутэлькі і розныя дробныя рэчы. Пасля гэтага Назараў схапіў клюшку і некалькі разоў паспрабаваў ударыць мінскіх заўзятараў праз трохметровую пластыкавую агароджу.

“Я непасрэдна з Назаравым не размаўляў, таму не магу дакладна сказаць, што яго прымусіла так раз’ярыцца і так сябе паводзіць. Я б не сказаў, што ён запальчывы. Але, бачыце, якая бяда была… Зразумела, што ён пагарачыўся, так сябе паводзіць, безумоўна, было не трэба. Ён чалавек афіцыйны, і трэба было неяк па-іншаму”, — кажа ў інтэрв’ю Еўрарадыё намеснік старшыні праўлення КХЛ Уладзімір Таржкоў, які жыўцом бачыў папярэдні матч “Віцязя” — з “Левам” у Попрадзе.

Што тычыцца рашэння дысцыплінарнага камітэта КХЛ, дык, на думку Уладзіміра Таржкова, па відэазапісе цяжка зразумець, што адбылося на самой справе. Яшчэ цяжэй вызначыць, хто ў гэтай сітуацыі правакатар, а хто — справакаваны.

Уладзімір Таржкоў: “Ёсць пэўныя законы, якія тычацца КХЛ, якія абмяркоўваліся, былі прынятыя Лігай і клубамі. Яны прынятыя на нейкі перыяд. Дысцыплінарны камітэт выконвае рэгламент. А добра ці не — гэта ўжо ацэнка эмацыйная”.

Як паведамляе сайт ГУУС Мінгарвыканкама, пасля матча “Дынама” — “Віцязь” Андрэй Назараў папрасіў прабачэння ў супрацоўнікаў міліцыі і беларускіх заўзятараў. А ўжо 9 лістапада расійскі трэнер ізноў прыбудзе ў Беларусь, каб прыняць удзел у “Кубку Палесся ”, які адбудзецца 10-12 лістапада ў Гомелі.

Нагадаем, спартова-дысцыплінарны камітэт КХЛ за непрыстойныя паводзіны ў матчы супраць “Дынама” дыскваліфікаваў Назарава на дзве гульні. Таксама ў адпаведнасці з рэгламентам КХЛ на “Дынама” накладзены санкцыі за недысцыплінаваныя паводзіны заўзятараў. Да таго ж КХЛ выказвае прэтэнзіі да працы службы бяспекі мінскага клуба, у адносінах да якой будзе вынесена асобнае папярэджанне. 

Фота: goals.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі