Віцебскія чыноўнікі абароняць незалежнасць краіны ад свайго калегі

Віцебскія ўлады занепакоеныя выказваннямі кіраўніка мясцовага грамадскага аб’яднання “Русский дом”, пісьменніка Андрэя Герашчанкі наконт незалежнасці краіны і беларускай мовы. Цяпер у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, дзе літаратар узначальвае аддзел па працы з моладдзю, вырашаюць, працягваць з ім кантракт ці не. Пра гэта Еўрарадыё расказаў кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Васіль Будкевіч.

Васіль Будкевіч:
“Як і вы, я занепакоены гэтай сітуацыяй і цяпер я як наймальнік думаю. У мяне яшчэ цэлы месяц на тое, каб сітуацыю вывучыць і зрабіць правільныя высновы. Найперш — у адносінах да гэтага чалавека”.

Нагадаем, некалькі дзён таму Еўрарадыё расказала пра кіраўніка Віцебскага грамадскага аб’яднання “Русский дом” Андрэя Герашчанку і прывяло яго выказванні пра беларускую мову, незалежнасць краіны і нацыю беларусаў, якія ён зрабіў у інтэрв’ю расійскаму парталу materik.ru. Да прыкладу, адносна беларускай мовы ён сказаў, што “гэта хутчэй мова мясцовай “самастойнай” інтэлігенцыі. Канчаткова яна была створана ў канцы мінулага стагоддзя і з’яўляецца штучнай сумессю розных мясцовых дыялектаў”.

Што ж тычыцца незалежнасці нашай краіны, то Герашчанка сказаў:
“Беларусь бачыцца мне хутчэй яшчэ адной рускай дзяржавай, чым іншанацыянальным стварэннем. Ва ўзаемаадносінах Расіі і Беларусі больш правільна апераваць тымі крытэрамі, якімі мы ацэньваем адносіны ФРГ і ГДР…”. І шмат яшчэ чаго ў тым жа стылі.

Матэрыял меў вялікі рэзананс. Асабліва з улікам таго, што Герашчанка — не толькі грамадскі дзеяч, а яшчэ і начальнік аддзела па працы з моладдзю і сябра афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі. І ўжо праз некалькі дзён ён паскардзіўся іншаму расійскаму парталу fondsk.ru, што супраць яго распачалася сапраўдная кампанія, а на працы яму нібыта прапанавалі напісаць заяву аб датэрміновым скасаванні кантракта.

У размове з Еўрарадыё Герашчанка пацвердзіў, што праблемы на працы ў яго сапраўды былі.

Андрэй Герашчанка: “У першыя дні я адчуў вельмі моцны ўціск, і калі б я быў характарам слабейшы, я быў бы ўжо без працы ў стане чалавека, які проста падаў заяву. Не хачу я ні на каго персанальна казаць, на свайго працадаўцу, але гэта тэма, наколькі я ведаю, развівалася на дастаткова высокім узроўні і, можа, не столькі ад яго гэта сыходзіла. Відаць, першая рэакцыя была вырашыць праблемы такім чынам. Я маю на ўвазе вертыкаль”.

Версію падначаленага Васіль Будкевіч не пацвердзіў. Наадварот: кажа, што ламаць лёс чалавека і пазбаўляць яго працы не варта. Праўда, адзначыў, што ні ў якім разе не падзяляе погляды свайго падначаленага. Тым больш, заўважае спадар Будкевіч, што выказванні свае той рабіў не як супрацоўнік адміністрацыі, а як грамадскі дзеяч.

Васіль Будкевіч:
“Калі ў яго з-за грамадскай дзейнасці дзесьці, умоўна кажучы, дах паехаў у пэўных пытаннях, то правядзем выхаваўчую працу і праводзім. Пазіцыя адміністрацыі раёна і мая як кіраўніка адміністрацыі зусім не такая, як выказаная спадаром ці таварышам, не ведаю, як яго назваць, Герашчанкам. Пазіцыя адміністрацыі — краіна суверэнная, незалежная, мы яе любім і робім усё для таго, каб яна стала багацейшай, прыгажэйшай, прывабнейшай. І гэтага ніхто не ставіў пад сумнеў”.

І гэта, кажа, неабходна патлумачыць Герашчанку. І толькі калі ён не зразумее — адмовіцца працягваць з ім кантракт.

Вось толькі пакуль у адміністрацыі вырашалі, якім чынам паўплываць на начальніка аддзела па працы з моладдзю, Андрэй Герашчанка самастойна прыйшоў да высновы, што незалежнасць краіны ён зачапіў дарэмна.

Андрэй Герашчанка:
“Я для сябе зрабіў выснову, што, напэўна, гэтая катэгарычнасць мая, яна была неапраўданая. Я лічу, што мы павінны будаваць, пакуль, асобную, незалежную дзяржаву. І калі мы адважымся на нейкую ступень інтэграцыі з Расіяй у плане Саюзнай дзяржавы, то я буду толькі рады. Але ўвесь свет ідзе па шляху інтэграцыі, тая ж Еўропа. І адмаўляецца часткова ад суверэнітэту, перадаючы наднацыянальным органам”.

Не адмаўляе ўжо катэгарычна ён і беларускую мову.

Андрэй Герашчанка: “Ёсць прыклад Ізраілю, дзе на іўрыце пачалі размаўляць, хоць гэта старажытная мова была. Тэарэтычна, калі гэта некаму патрэбна і людзі да гэтага імкнуцца, то гэта можна зрабіць. Але тады трэба ісці паводле прыкладу Канады, дзе і французская, і англійская мовы. Каб сацыяльныя групы, якія хочуць па-руску развівацца і каб культура развівалася, — каб мелі права. Каб не было прыбалтыйскага варыянту”.

Але, кажа, не ва ўсіх чыноўнікаў аказаўся такі ж “моцны характар”, як у яго. І пэўная колькасць такіх дзяржслужбоўцаў падалі заяву аб выхадзе з аб’яднання “Русский дом”.

Неадназначна былі ўспрынятыя выказванні віцебскага чыноўніка-літаратара і старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалаем Чаргінцом. Ён нават дапускаў верагоднасць выключэння Герашчанкі з Саюза за такія “антыдзяржаўныя” выказванні. Але зараз троху астыў.

Мікалай Чаргінец: “Там ёсць яшчэ абласная арганізацыя — няхай яны там пазаймаюцца. Тут хапацца і абразаць, адразаць, можа быць, не варта. Але трэба жорсткую размову правесці, каб і яму, і іншым не панадна было. Каб яны паважалі суверэнітэт Беларусі, паважалі нацыянальнасць, мову і гэтак далей”.

Між іншым, падчас мінулай размовы Чаргінец для таго, каб разгледзець “справу Герашчанкі”, паабяцаў стварыць камісію па этыцы. І ад гэтай ідэі, кажа, у Саюзе не адмовіліся, а створаць камісію падчас сакавіцкага пленума. Магчыма, Герашчанку выклічуць на яе першае пасяджэнне. Дарэчы, сам Андрэй Герашчанка такую камісію назваў інквізіцыяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі