У падарунак на 40-годдзе Улад Бубен атрымаў уласны трыб’ют

Італьянскі лэйбл Tib Productions выдаў трыб’ют заснавальніку беларускай электроннай сцэны Уладу Бубну. Дырэктар лэйбла Даніэль Санціні прапанаваў усім ахвочым зрабіць рэміксы на твор "The House Of My Ancestors" з альбома Бубна “Daloni”, які выйшаў некалькі гадоў таму ў Італіі.


“Я не думаў, што будзе столькі людзей, якія возьмуць удзел, і што Санціні будзе выдаваць гэта як асобны альбом і будзе рабіць дыск, — прызнаецца Улад Бубен, які са здзіўленнем назіраў за ажыятажам вакол лонгплэя ў сацыяльных сетках. — Я вельмі задаволены, таму што гэта сапраўдны сюрпрыз — атрымаць такі падарунак на 40-годдзе”.


Стылістыка трыб’юта блізкая да ambient. Палова музыкаў, што бяруць удзел у складанцы, асабіста знаёмыя з Уладам. Які, дарэчы, прыдзірліва заўважае, што на альбоме не хапае рэміксаў ад арт-суполкі School of a Exist, брэйк-кор-музыкаў і нарвежца Карстана Хамрэ.


Зараз пласцінка дасяжная ў 80 інтэрнет-крамах, пачынаючы ад Amazon. У бліжэйшы час з'явіцца CD-версія трыб’юту, якая таксама будзе распаўсюджвацца праз Amazon.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі