У Курапатах зноў пасварыліся КХП-БНФ і гісторык Кузняцоў

Гісторык распавёў у каментары Радыё "Свабода", што 7 лістапада ён прыбыў у Курапаты з групай журналістаў. Там ён пабачыў, як прадстаўнікі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Валерый Буйвал і Алесь Чахольскі выносілі на сметнік падмурак памятнага знаку расстраляным польскім афіцэрам. Гісторык перакананы, што прадстаўнікі КХП-БНФ разбілі помнік.

У сваю чаргу, Буйвал кажа, што падмурак быў разбіты да іх з'яўлення, а самі яны толькі прыбраліся ва ўрочышчы. А таксама паставілі крыж недалёка ад таго месца, дзе быў памятны знак, усталяваны Кузняцовым. Прадстаўнікі КХП-БНФ кажуць, што на крыжы ўмацавалі польскі сцяжок, і адзначылі, што крыж — гэта памяць супольных ахвяраў беларускага і польскага народаў.

Нагадаем, што два тыдні таму з ініцыятывы Кузняцова ў Курапатах быў усталяваны помнік — у памяць расстраляных у Курапатах афіцэраў польскага войска. Помнік не прастаяў і сутак. Праз некалькі дзён прадстаўнікі КХП-БНФ абвясцілі гісторыка персонай нон-грата ў Курапатах. А іх лідар Зянон Пазьняк заявіў, што Кузняцоў не мае маральнага права займацца курапацкай тэмай. У адказ гісторык адзначыў, што заявы апанентаў не маюць пад сабой ніякай прававой базы і ён працягне бываць у Курапатах.

Фота svaboda.org: На гэтым месцы стаяў помнік, усталяваны Кузняцовым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі