Ці змогуць Вольскі, Neuro Dubel і Вайцюшкевіч сыграць на Маркса ў Мінску?

120710 Malina Marksa.mp3

На вуліцы Карла Маркса ў Мінску, якая ўжо два месяцы па выхадных робіцца пешаходнай, з'явіліся пастаянныя выступоўцы. Апроч музыкаў, тут і танцоры розных стылістык, мастакі, фатографы, тэатры...

"Вельмі шмат падзякаў, – дзеліцца ўражаннямі ад вулічных выступаў рэжысёр інтэграванага тэатра "Мимоза" Вольга Прохарава. – Людзі падыходзяць, танцуюць пад нашы кампазіцыі, ужо нават замаўляюць песні, людзі ўсміхаюцца, адпачываюць, фатаграфуюцца з нашымі маскамі. Натуральна, у нас саміх ёсць жаданне там выступаць, быць неяк побач з людзьмі. Не ведаю, ці кожныя выхадныя, але вельмі гэтага хацелася б".

Па словах Вольгі, на мінскую вуліцу тэатр выйшаў пасля выступу на фестывалі вулічных тэатраў у Яраслаўлі і быў здзіўлены, бо чакалі такога ж размаху, як у Расіі. Але ў нас пакуль “усё дастаткова дробненька, і людзей мала, і выступоўцаў...”

"Не кожныя выхадныя могуць выступаць адны і тыя ж, але жадаючых шмат – распавядае старшыня Аддзела культуры адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы Аксана Нікіціна. На яе погляд, гэта з-за вельмі простай і хуткай працэдуры "пераўтварэння" ў вулічных музыкаў. – Бывае такое, што ў суботу раніцай тэлефануюць і пытаюцца, ці магчыма выступіць у суботу ж, то бок дзень у дзень! Усё магчыма, бо заўсёды ёсць нехта адказны там на месцы, і ён усё вырашае".

Але лепш, каб музыкі звярталіся ў аддзел культуры загадзя, каб адміністрацыя мела інфармацыю пра калектыў, яго рэпертуар, магла праглядзець відэа-аўдыё запісы, тлумачаць у адміністрацыі раёна. Тады гурт будзе ўнесены ў раённы план, будзе вызначанае месца і час іх выступу, і ніхто ўжо не здолее прагнаць музыкаў. Праўда, апаратуру давядзецца шукаць самастойна, адзінае, чым можа дапамагчы адміністрацыя, гэта пляцоўкай з магчымасцю падлучыцца да электрычнасці.

"Мы прынеслі свае комбічкі, такія вулічныя, на батарэйках і дастаткова гучна гралі, - дзеліцца ўласным досведам адзін з першых выступоўцаў на пешаходнай Карла Маркса, лідар гурта "Рэха" Андрусь Такінданг. - Зразумела, што ёсць натуральныя абмежаванні, каб скончылася ўсё да 23-й гадзіны, але пачынаць граць можна з 12-й і гнаць там хоць да 21-й. Але, натуральна, найбольш зручны час з 18-19 гадзінаў да 20-21-й".

Тэатр "Мімоза" таксама прыносіць сваю апаратуру, праўда, уласнай ім не хапае, таму даводзіцца яе збіраць па знаёмых... за цукеркі. На пытанне пра назбіраныя "у капялюш" грошы  рэжысёр Вольга Прохарава смяецца, што проста на ваду для артыстаў часта можа спатрэбіцца больш. Але прызнае, што нягледзячы ні на што "чаявыя" з гледачоў збіраць дазваляюць.

"Насамрэч, цягам года можна толькі пяць разоў зарабляць грошы такім чынам, - крыху збянтэжана адказвае на грашовае пытанне старшыня аддзела культуры Аксана Нікіціна. - То бок пакуль мы гэта дазваляем. І ў гэтым сапраўды ёсць сэнс, бо інакш немагчыма стварыць поўны вобраз вулічнага творцы. Мы гэта разумеем, таму і дазваляем збіраць грошы "ў капялюш".

На якія-небудзь бліжэйшыя выхадныя Еўрарадыё вырашыла зладзіць вулічны выступ беларускіх музыкаў. Цалкам магчыма, што і некаторыя з нашых журналістаў паўдзельнічаюць у гэтай імпрэзе. Праўда, з канцэртам больш вядомых гуртоў і выканаўцаў, кшталту Neuro Dubel, "Крамбамбуля", "Палац" ці Зміцер Вайцюшкевіч, па словах Аксаны Нікіцінай, ужо могуць узнікнуць пытанні.

"Калі гэта будзе нейкі вялікі праект, то тут ужо мусіць дасылацца ліст. У адміністрацыі яго будуць разглядаць, распісваць, колькі можа людзей сабрацца... Глабальныя, маштабныя канцэрты трэба ўзгадняць з адміністрацыяй, а не з аддзелам культуры. На сваім узроўні мы можам разабрацца з невялічкімі і малавядомымі калектывамі".

Тым не менш, зрабіць "Еўрарадыйную" пляцоўку на погляд старшыні аддзела культуры Ленінскага раёну – не пытанне. Таму сачыце за афішай і навінамі на нашым сайце.

Фота: tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі