Тры тыдні без сэксу і іншыя правілы беларускіх алімпійцаў

Першае правіла многіх нашых алімпійцаў — партызанскае. Гэта калі атлет закрываецца ад цікаўных вачэй перад стартам.

Адзін з такіх зацятых партызанаў — кідальнік молата Іван Ціхан. Ён, дарэчы, і пасля спаборніцтваў не надта любіць выступаць публічна.

Лепшая спартоўка Беларусі мінулага года Надзея Астапчук, якая выступае ў штурханні ядра, перад Гульнямі бярэ з Ціхана прыклад:

Пасля спаборніцтваў дадзім любыя інтэрв’ю, а зараз — не, — кажа трэнер штурхальніцы Аляксандр Яфімаў. — Яна больш такая сарамлівая. Справа — на першым плане, размовы — на другім”.

Надзея Астапчук пазбягае публічных выказванняў і збіраецца ўсё паказаць на Алімпіядзе. 

Фота iaaf.org

Агульнавядома, што многія баксёры напярэдадні паядынкаў не займаюцца сэксам. Пытаемся ў трэнера Канстанціна Маханькова (на Гульні ў Лондан ён вязе байца Сяргея Карнеева), чаму майстрам скураных пальчатак даводзіцца адмаўляцца ад мілосных уцехаў з жанчынай і як доўга трэба ўстрымлівацца.

Канстанцін Маханькоў: “Тры тыдні. Злейшым будзеш у рынгу. Лепшая канцэнтрацыя тады. І пасля любошчаў моц у нагах страчваецца”.

Сяргей Карнееў (справа) вымяшчае на суперніку ўсё тое, што недаатрымаў у прыватным жыцці падчас падрыхтоўкі да спаборніцтваў. Фота prosportkz.kz 

Алімпійскія чэмпіёны Пекіна ў веславанні браты Багдановічы спускаюцца на ваду, надзеўшы хрысціянскія крыжыкі. А таксама вераць і прытрымліваюцца забабонаў, што за два тыдні да Алімпіяды не варта галіцца і стрыгчыся.

Многія з нашых футбалістаў, гэта не сакрэт, вераць у цэлы шэраг забабонаў. Нехта кладзе ў гетры шчаслівыя манеткі. Нехта заўжды шнуруе буцы, пачынаючы выключна з адной і той жа нагі. А пенальці нашы хлопцы зазвычай прабіваюць, паставіўшы мяч ніпелем наперад. Праўда, гэтак жа сама сябе паводзіць пераважная большасць футбалістаў свету. Таму нязголеная барада ці манетка ў гетрах наўрад ці стануць важкім пераможным фактарам на футбольным полі.

Тэнісіст Максім Мірны, як ужо перадавала Еўрарадыё, не спажывае за дзень да матча мяса — каб лягчэй рухацца на корце.

Чэмпіёнка свету ў плаванні Аляксандра Герасіменя пагаджаецца, што адмаўляцца ад мілошчаў перад стартам ці не спажываць нейкіх прадуктаў — нармальна.

Аляксандра Герасіменя. Фота indiatimes.com 

Аляксандра Герасіменя:Гэта аб’ектыўныя прычыны, а не прусакі ў галаве. Нехта гэтых правілаў прытрымліваецца, нехта не. Таму так і павінна быць”.

А вось што тычыцца забабонаў, Аляксандра вырашыла для сябе, што верыць у іх не варта.

Аляксандра Герасіменя: “Я лічу, што гэта няправільна і гэтага не павінна быць, каб ні ад чаго не залежаць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі