Цяжкасці перакладу па-беларуску

"Па нашай ацэнцы ўрад Беларусі дасягнуў
істотнага поспеху ў некаторых галінах рэформаў. Для паспяховага росту эканамічных
паказчыкаў глыбокія структурныя рэформы маюць ключавое значэнне, таму на наш погляд
усёабдымныя маштабныя праграмы варта працягнуць",
— гэта
фрагмент з эфіру тэлеканала СТВ.

А вось
як напісана ў паперцы, з якой чытае глава місіі:

"Урад дасягнуў поспеху ў некаторых
галінах рэформаў, уключаючы рэфармаванне падатковай сістэмы і распрацоўку новага
закона аб банкруцтва, аднак гэта было нівеліравана крокамі назад у іншых сферах,
такіх як лібералізацыя коштаў і прыватызацыя. Таму неабходна ўсёабдымная маштабная
праграма рэформаў".

У заяве МВФ праграма рэформаў
нам яшчэ патрэбна, а па меркаванні СТВ, яна ў нас ужо ёсць і яе
трэба працягваць.

"Місія ўхваляе ўсталяваны ўрадам на
2013 год мэтавы паказчык збалансаванага бюджэту. Ураду і Нацыянальнаму банку варта
цесна каардынаваць палітыку, якая забяспечыць стабільнасць. Улады павінны засяродзіцца
на скарачэнні інфляцыі і стрымліванні замежнаэканамічных дысбалансаў",
— гэта
ўжо АНТ цытуе главу
місіі МВФ, на той жа прэс-канферэнцыі.

А ў
заяве... "Ураду і Нацыянальнаму банку
варта цесна каардынаваць палітыку і наўпрост засяродзіць яе на далейшым скарачэнні
інфляцыі і стрымліванні замежнаэканамічных дысбалансаў. Гэта асабліва важна ва ўмовах
пагаршэння стану аплатнага балансу і значных плацяжоў па абслугоўванні вонкавага
абавязку, што стварае складанасці. У гэтых умовах місія ўхваляе ўсталяваны ўрадам
на 2013 год мэтавы паказчык збалансаванага бюджэту, аднак для забеспячэння належнага
курсу бюджэтна-падатковай палітыкі неабходны дадатковыя меры".

Пагаршэнне
стану аплатнага балансу і складанасці, якія ствараюць значныя плацяжы па абслугоўванні
вонкавага абавязку... не, не чулі пра гэта на ОНТ.

Затое
на БТ словы Дэвіда Хофмана цалкам супадаюць з тым,
што напісана ў заяве МВФ, якую ён зачытвае. Праўда тут ён толькі развітваецца.

"МВФ працягне цеснае супрацоўніцтва
з Рэспублікай Беларусь, у тым ліку з дапамогай актыўных кансультацый па пытаннях
эканамічнай палітыкі і прадастаўлення тэхнічнай дапамогі".

Аглядная
місія МВФ пачала працаваць у Мінску 14 сакавіка.

Так
што ж насамрэч хацеў сказаць беларусам Дэвід Хофман? Аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Мінску, эканаміст Вадзім Іосуб кажа, што галоўная ідэя заявы МВФ у тым, што супрацоўнічаць
яны гатовыя, але на вызначаных умовах.

"МВФ гатовы з намі супрацоўнічаць.
Паказана, што там няма ніякіх палітычных патрабаванняў, на якія рэгулярна спасылаюцца
нашы ўлады. Што ў іх палітычныя патрабаванні і нам ніколі нічога не дадуць. Павінна
быць праграма макраэканамічных рэформаў,
структурных рэформаў. І важны момант, ці можна яго аднесці да палітычнага, кожны
сам судзіць. Але праграмы павінны быць зацверджаны на самым высокім узроўні".

Каб
не атрымлівалася сітуацыя, калі Нацбанк і Саўмін рэформы падтрымліваюць, а на ўзроўні
адміністрацыі прэзідэнта іх абсякаюць. Калі праграмы падтрымаюць у адміністрацыі,
можна будзе размаўляць.

Гэтак
жа МВФ выказаў асцярогі з нагоды змякчэння грашова-крэдытнай палітыкі і зніжэння
стаўкі рэфінансавання
. Нагадаем, стаўка рэфінансавання была зніжана на 1,5 пункта
да 28,5 адсоткаў.

Вадзім Іосуб: "Я тут
наўпрост асцярог МВФ не падзяляю. Само зніжэнне было цалкам дапушчальным. Але ў
заяве МВФ ёсць рацыя ў тым, што Нацбанку трэба вельмі ўважліва вывучаць рэакцыю
рынкаў на гэта зніжэнне".

Што будзе адбываецца з інфляцыяй,
ці не будзе сыходу з рублёвых дэпазітаў? Калі такая рэакцыя з'явіцца, тады трэба
падумаць ізноў пра яе павелічэнне.

Фота: onliner.by