У Мінску прайшлі суды за акцыю "Стоп бензін"

14.20. Аляксандр Рэдзькін аштрафаваны на 525 тысяч рублёў.

13.10. Абвешчаны перапынак, пасля якога суды працягнуцца. Мяркуецца, што ўсіх асуджаных сёння адпусцяць на волю не ў будынку суда, а на Акрэсціна, дзе засталіся іх рэчы.

13.05. Павел Груздзіловіч атрымаў штраф у памеры 700 тысяч рублёў.

12.50. Паўла Груздзіловіча судзяць у зале, дзе ён калісьці адзначаў выпускны (там была актавая зала коласаўскага ліцэя, да яго высялення). Зачытваюць пратакол, абсалютна ідэнтычны папярэдняму.

Міліцыянт кажа, што Груздзіловіч быў на мосце праз Свіслач і трымаў плакат. Сам Груздзіловіч кажа, што нічога не трымаў і стаяў увогуле каля цырка.

12.40. Алесі Макась прысудзілі штраф у памеры 525 тысяч рублёў.

12.30. Стала вядома, што ў Цэнтральным судзе сталіцы пройдзе яшчэ чатыры суды. Суддзя Хадановіч будзе судзіць Алесю Макась. Суддзя Есьман разгледзіць справы Паўла Груздзіловіча і Аляксандра Рэдзькіна.

12.25. Суддзя Ясіновіч асудзіў Дзмітрыя Кавалгіна на 700 тысяч рублёў.

12.15. Прыйшоў сведка-міліцыянт, 1981 года нараджэння. Гаворыць, што высунуліся яны "на месца правядзення несанкцыянаванага пікета і затрымалі групу маладых людзей, якія ў ім удзельнічалі". Міліцыянт кажа, што ў затрыманых у руках былі аркушы паперы фармата А4 з выявай бензакалонкі і яны "крычалі "ганьба!"

Іншы міліцыянт Раман Шульгінскі, які непасрэдна затрымліваў Дзмітрыя Кавалгіна, таксама сказаў, што бачыў у яго руках улётку. Паводле прапановы суддзі, міліцыянт пашукаў у зале Кавалгіна і сказаў, што яго там няма, хаця ён там быў. Шульгінскі кажа, што "было шмат людзей і не запомніў твар Кавалгіна", а прозвішча запомніў, калі складаў пратакол.

12.08. У судзе знаходзіцца Аляксандр Рэдзькін, які чакае суда. Яго вартуюць двое ў цывільным. Рэдзькін кажа, што быў затрыманы пасля таго, як на яго паказаў падпалкоўнік Яўсееў. А ён з жонкай проста стаялі і глядзелі на акцыю.

Затрыманыя ноч правялі ў турме на Акрэсціна.

11.55. У судзе аб'явілі перапынак — чакаюць сведку-міліцыянта, які праводзіў затрыманне.

11.45. Кавалгіна абвінавачваюць у тым, што ён пікетаваў з аркушом паперы з сімвалам кампаніі "Стоп-бензін". Ён кажа, што падпісаў пратакол для таго, каб яму далі магчымасць пагаварыць са сваякамі. Сведка з яго боку паказаў, што ў руках Кавалгіна ўлётак не было.

11.40 У суд завялі Дзмітрыя Кавалгіна, 1987 года нараджэння, які крычаў учора "ганьба", калі міліцыянты затрымлівалі Алесю Макась (яе таксама будуць судзіць). За гэта затрымалі і яго.


Як перадае журналіст Еўрарадыё, работнікі суда хацелі правесці ўсе працэсы без удзелу прэсы і сваякоў. Аднак гэтаму рашуча запярэчыў журналіст Радыё "Свабода" Алег Груздзіловіч. Работнікі суда былі вымушаныя адвесці пад працэс над удзельнікамі акцыі "Стоп-бензін" залу. 

11.25 Суды над удзельнікамі акцыі не пачаліся. Як паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Віталь Ругайн, у судзе былі вывешаныя спісы з імёнамі затрыманых і нумарамі кабінетаў. Але праз нейкі час спісы проста зніклі. 


Журналісты і сваякі затрыманых удзельнікаў акцыі не ведаюць, ці адбудуцца запланаваныя працэсы.

11.05 Стала вядомае імя яшчэ аднаго затрыманага. Як перадае Радыё Свабода, гэта Аляксандар Рэдзькін. Яго жонка Яўгенія распавяла ў судзе, што 7 чэрвеня яны назіралі за акцыяй “Стоп-бензін” у раёне маста праз Свіслач. Яны бачылі, як спецназ міліцыі затрымліваў дзяўчыну. Пазней камандзір спецназаўцаў загадаў затрымаць таксама і Аляксандра.

10.50 Як паведаміла Радыё Свабода, у суд даставілі пяць удзельнікаў акцыі. У іх ліку адна дзяўчына. 

9.45 Разгляд справы ўдзельнікаў акцыі пратэсту аўтамабілістаў будзе адбывацца ў судзе Цэнтральнага раёна Мінску. Пра гэта праз СМС паведаміў адзін з затрыманых Павал Груздзіловіч. Ён, праўда, не ўдакладніў, колькасьць затрыманых, паведамляе Радыё Свабода.


Паўла Груздзіловіча затрымалі 7 чэрвеня. Ноч ён правёў у труме на вуліцы Акрэсціна.

Таксама, на дадзены момант, вядома, што ў час учорашняй акцыі была затрымана дзяўчына з плакатам "Стоп-Бензін" і актывіст АГП Зміцер Кавалгін.

Фота: daylife.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі