Re1ikt завярнулі свой канцэртны DVD ва ўпаковачную паперу

Мінскі post metal-гурт Re1ikt выпусціў свой другі live-DVD над назвайКрыгаход (“Kryhachod”).

Рэліз быў упершыню прадстаўлены публіцы на польскім open-air Halfway Festival у Беластоку.

Асновай для відэа стаў канцэрт-презентацыя альбома Re1ikt Рэкі прабілі лёд, які прайшоў у мінскім клубе Re:Public 30 кастрычніка 2011 года. Над стварэннем DVD працавалі бубнач і лідар гурта Аляксандр Дземідзенка і відэадызайнер Al Medwedsky (Санкт-Пецярбург).

Мы шмат працавалі над гэтым DVD, прыклалі максімум намаганняў да яго стварэння, — распавядае пра рэліз лідар і бубнач гурта Аляксандр Дземідзенка. — Таксама вырашылі выкарыстаць дастаткова арыгінальнае для нашых шырот афармленне дыска. Вокладкі былі надрукаваныя на упаковачнай паперы, мы іх выразалі, седзячы на кухні. Поўны D.I.Y. Робім тое, што нам падабаецца.

Бонусам на дыску змяшчаюцца ўсе відэакліпы Re1ikt але туды не трапіла песня, якая выконвалася на біс.

"Песня, якая была на біс, не ўвайшла на дыск, - удакладняе Дземідзенка. - Мы вырашылі зрабіць такую справаздачу, маўляў, вось альбом, а вось ён і на DVD. Тым больш, мы не планавалі на канцэрце выконваць яшчэ адну дадатковую песню, але людзі прасілі, выклікалі, таму і адыгралі. Яна ў нас ёсць, таму, магчыма, калі-небудзь, праз дзесяць год і яна з'явіцца".

Зараз музыкі разбіраюць матэрыял для новага альбома, для якога ўжо ёсць пэўныя музычныя ідэі і нават агульная канцэпцыяі. А паралельна ідзе падрыхтоўка да выступу 21-га ліпеня ў Дудутках на фестывалі "Наш Грунвальд" і падрыхтоўка новага цікавага праекта, пра які музыкі раскажуць бліжэйшай восенню.

Набыць канцэртны DVD "Крыгаход" можна праз афіцыйны сайт Re1ikt, ці групы гурта ў сацыяльных сетках. Самастойна выкладаць канцэртнік для бясплатнай спампоўкі ў інтэрнэт музыкі не збіраюцца, тым больш, што па словах Дземідзенкі, каштуе дыск вельмі танна, каля 20 тысяч рублёў.

Першы DVD гурта Акустическая терапия быў запісаны ў 2008 годзе і прэзентаваны на пачатку мінулага.

Наконт набыцця дыскаў можна звяртацца па наступных кантактах: +37529-2701115, +37544-4551714; e-mail:[email protected], [email protected]; skype: re1ikt_drummer, barvisal26.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі