Расійскі эксперт: Беларусь выбрала тупіковую мадэль развіцця

Пра гэта 31 сакавіка заявіў ІА REGNUM загадчык аддзелам Беларусі Інстытута краін СНД Аляксандр Фадзееў.

Паводле яго слоў, у Беларусі няма іншага выйсця, акрамя як ісці па шляху, па якім ішлі ўсе краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, у тым ліку і Расія. "Гэта шлях глыбокіх эканамічных рэформаў. Беларусь з 1997 года ад гэтага ўпарта адмаўлялася. Але рана ці позна, гэта павінна было скончыцца тым, што мы сёння назіраем: склады затавараныя, на падтрыманне курсу беларускага рубля марнуюцца вялікія сродкі. Натуральна, што такі штучны шлях падтрымання курсу нацыянальнай валюты не можа пратрываць доўга", — заявіў эксперт.

Фадзееў нагадаў, што ў Беларусі не так даўно ажыццявілі дэвальвацыю, "але яшчэ больш істотная дэвальвацыя чакае беларускую фінансавую сістэму ў бліжэйшай перспектыве". "Яна непазбежная. Хто б ні прапаноўваў гэтую дэвальвацыю Беларусі — МВФ або Мінфін Расіі ў асобе Кудрына. Беларусі давядзецца дэвальваваць сваю валюту, бо бягучыя прыбыткі рэспублікі, само развіццё эканомікі, запазычанне на знешніх рынках прывялі да сітуацыі, калі курс нацыянальнай валюты не забяспечвае здабытак рэспублікі", — адзначыў ён.

"Дзірка ў бюджэце, па маіх ацэнках, выразіцца ў 2,5 млрд долараў. Гэтую дзірку трэба закрываць альбо знешнімі сродкамі, альбо ўнутранымі структурнымі глыбокімі рэформамі, якія якраз забяспечаць базу для паспяховага інвеставання ў беларускую эканоміку", — заявіў Фадзееў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі