Праваслаўныя вернікі святкуюць Раство

Асноўная літургія прайшла ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы. Яе ачоліў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Яму саслужылі настаяцель храма пратаіерэй Генадзь Дзічкоўскі, сакратар Мінскага Епархіяльнага ўпраўлення пратаіерэй Мікалай Коржыч, саборнае духавенства.

У сваім пасланні да праваслаўных вернікаў мітрапаліт Філарэт сярод іншага сказаў пра важнасць аднадумства духоўнай і свецкай улады ў Беларусі. Ён прыгадаў, як такое аднадумства стала асабліва запатрабаваным 400 гадоў таму.

“У тыя далёкія гады Гасподзь вылучыў з роду князёў Слуцкіх Алелькавічаў святую праведную Сафію Слуцкую. Гэтая святая жанчына з пакорнасцю прымала ўсе абставіны жыцця, але пры гэтым сэрца яе было аддадзена Госпаду. Яна здолела пераканаць свайго мужа дабіцца ад польскага караля граматы, паводле якой у Слуцкіх уладаннях забаранялася сілаю прымушаць да ўніі праваслаўных людзей. Падзвіжніцкай працай і сваім праведным жыццём княгіня захавала Слуцкі край — вотчыну сваіх набожных продкаў князёў Алелькавічаў — ад уніяцкага паланення”.

Патрыярх павіншаваў сваю паству са святам. “Дай Бог, каб у надыходзячым годзе мы памяталі, куды нам ісці. Каб наш шлях асвятляўся святлом Каляднай зоркі, якая дапамагае бачыць цуд там, дзе зайздрасць і злосць Ірада намагаюцца вынішчыць чалавечы, асабовы пачатак”.

 

Фота: church.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі