Палітвязень Алесь Кіркевіч напіша дзённік пра сваё зняволенне

Трафарэты з “Савецкай Беларусі”, радыё “Свабода” з дапамогай лыжкі і турэмная форма на памяць. Гродзенец Алесь Кіркевіч вядомы як самы “паэтычны” ўдзельнік справы  Плошчы. Шматразова на старонкі недзяржаўных газет ды сайтаў траплялі ягоныя вершы з малюнкамі. Іх палітвязень зрабіў пад час 7-месячнага зняволення ў СІЗА КДБ, турме на Валадарскага і наваполацкай калоніі.

Свае першыя дні на волі Алесь прысвяціў выключна сям’і: маці і жонцы. Ужо пасля Кіркевіч плануе заняцца аднаўленнем кантактаў з паплечнікамі ды літаратурнымі справамі. Дарэчы, як маладая сям’я правядзе рэштку перарванага мядовага месяца, Алесь і Надзея трымаюць у сакрэце. Перад тым, як яны схаваліся ад чужых вачэй і вушэй, Еўрарадыё ўдалося даведацца пра некаторыя падрабязнасці турэмнага жыцця Алеся. 

У зняволенні шмат занатовак Алесь не рабіў. Веры ў тое, што іх удасца вынесці з сабой на волю ці пераслаць дадому, было мала. У СІЗА КДБ падчас ператрусаў у камеры хлопцу так і сказалі: “Мы ў цябе потым усё канфіскуем”. У Наваполацку ды на “валадарцы” стала прасцей:

“Цэнзура існавала пастаянна, але ў параўнанні з “амерыканкай” яна не была такой жорсткай. Дапускалі ўсе газеты, большасць лістоў. У “амерыканцы” было вельмі жорстка: лісты толькі маці, жонкі, ад цешчы. Нават “Савецкая Беларусь” прыходзіла ў выглядзе трафарэтаў. Асобныя артыкулы проста выразаліся. Што хочаш з гэтым рабі”, — расказвае Алесь.

Калі чалавек чагосьці вельмі хоча, то абавязкова зробіць. Гэта простае жыццёвае правіла пацвярджаецца і ў “амерыканцы” з яе суворым рэжымам. Умельцы з тамтэйшай публікі здольны прарваць нават глухую інфармацыйную ізаляцыю:

“Неяк лавілі на СІЗА КДБ нармальную тэлевізію. З дапамогай лыжкі выводзілі антэну. У нас была ўнутраная тэлевізія: тыя касеты, праграмы, якія пускаў начальнік СІЗА. А часам хацелася паглядзець нармальных навінаў. Нехта быў інжынерам, нехта быў радыёакустыкам на падводнай лодцы — цікавая публіка! Людзі з дапамогай фальгі, алюмініевых лыжак выраблялі розныя сістэмы, каб можна было хоць трошку прасачыць на навінамі. Канешне, некаторыя потым паплаціліся за гэта карцарам”, — кажа Кіркевіч.

У сямейным архіве Надзеі і Алеся цяпер не толькі фота з вяселля. У абодвух захаваліся цэлыя стосы перапіскі. Алесь лічыць, што гэтыя лісты паводле важнасці не саступаюць архівам цэлай дзяржавы. Паўжартам хлопец дзеліцца ідэяй стварыць музей. Ён будзе пакліканы расказаць нашчадкам пра змаганне за свабодную Беларусь. Збіраць экспанаты Кіркевіч ужо пачаў, захапіўшы з калоніі пару рэчаў на памяць:

“Кліфт — гэта верхняя адзежа. Верхняя адзежа складаецца з кліфта, фескі (гэта шапка) і штаноў з чаравікамі. Каб будучыя беларусы маглі ўяўляць тыповага зэка зыходу лукашэнкаўскай эпохі. Пару сувеніраў, якія былі падораны мне людзьмі. Пару фотаздымкаў людзей, якія былі са мной побач. Я палічыў належным захаваць архіў лістоў, якія дасылалі мне людзі з розных канцоў свету: з  Англіі, Бельгіі, Чэхіі”, — распавёў Алесь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі