Някляеў: Яны мяне, відаць, хацелі наогул пазбавіць права дыхаць

Новыя абмежаванні на лідара кампаніі "Гавары праўду" Ўладзіміра Някляева прапанавала накласці міліцыя. У выніку, суд забараніў яму выязджаць з краіны і ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах. Таксама палітыку нельга выязджаць за межы Мінску без пісьмовага дазволу праваахоўных органаў. Раз на тыдзень Някляеў абавязаны рэгістравацца ў міліцыі і з 20 гадзін да 6 гадзін наступнага дня знаходзіцца дома. Праваахоўнікі прапаноўвалі яшчэ забараніць апазіцыянеру хадзіць па кавярнях і рэстаранах, але суд гэтую прапанову адхіліў.

Нагадаем, у траўні сёлета Някляеў быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на 2 гады па справе аб "масавых беспарадках".

Еўрарадыё пацікавілася ва Ўладзіміра Някляева, што ён думае пра новы прысуд.

Еўрарадыё: Ці збіраецеся вы цяпер не выязджаць за межы Беларусі, не ўдзельнічаць у масавых акцыях? Атрымліваецца, што вы не зможаце зараз не тое, што на акцыю апазіцыі пайсці, але і на футбольны матч БАТЭ — "Барселона"...
110909 Niakliaeu_2_site.mp3
Някляеў: “Яны мяне, відаць, хацелі наогул пазбавіць права дыхаць, а не толькі хадзіць на футбол. Я дастаткова ўраўнаважаны чалавек, каб адрозніваць рызыкі апраўданыя, ад рызык неапраўданых. Тое, што я рабіў да гэтага, я проста ўдзельнічаў у палітычным і грамадскім жыцці краіны. Таму я і далей буду дзейнічаць адпаведна, калі рызыкі будуць апраўданымі, значыцца, я буду рызыкаваць і буду рабіць тое, што я павінен рабіць, як палітык, як грамадзянін.

Але не зважаць на тое, што адбываецца, не бачыць, што робяць з палітвязнямі — гэта ўжо нешта большае за палітычную барацьбу. Гэта вандалізм, гэта сярэднявечча. Улада хоча, каб мы з гэтым пагадзіліся, каб мы з гэтым жылі... Відаць, трэба падзякаваць, што мне дазволілі ў рэстарацыю хадзіць выпіваць, а выпіўшым ужо тады ісці дахаты. Ніякімі пастановамі гэтых судоў, якія падпарадкаваныя, нельга спыніць нармальных людзей у намаганні выйсці з гэтага вар’яцкага дома”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі