Вы тут

Някляеў: Быкаў змагаўся, каб Беларусь была Беларуссю, а Украіна — Украінай

Уладзімір Някляеў / Еўрарадыё

Паэт Уладзімір Някляеў напісаў адкрыты ліст міністру адукацыі і навукі Украіны Сяргею Шкарлету з нагоды рашэння пра выключэнне твораў Васіля Быкава са школьнай праграмы.

"Цікава, што ў сваёй пастанове пра выдаленне "Альпійскай балады" са школьнай праграмы чыноўнікі міністэрства называюць змест гэтай сусветна вядомай аповесці Быкава гуманістычным: "Протиставлення сили дружби й кохання світу насильства — гуманістичний зміст повісті". Дык а сёння Украіна хіба не свету насілля супрацьстаіць? І ў гэтым супрацьстаянні людзі гэткага мужнага лёсу, пісьменнікі такога таленту, як Васіль Быкаў, — нашы паплечнікі. З імі мы мацней. Як з Янкам Купалам і Тарасам Шаўчэнкам.

Васіль Быкаў — найвыбітная асоба не толькі ў сучаснай беларускай літаратуры, але і ў нашым сённяшнім жыцці. Ён пісьменнік, які ў сваёй творчасці заўсёды адстойваў праўду. Ён змагаўся за нашу мову, за нацыянальную культуру і гісторыю. За тое, каб Беларусь была Беларуссю, як і Ўкраіна — Украінай. Таму спадзяюся, што чыноўнікі, якія ў запале абышліся з ім, з памяццю пра яго, мякка кажучы, непаважліва, выправяць памылку. Такія постаці, як Васіль Быкаў, не мусяць забывацца новымі пакаленнямі, сыходзіць з шэрагу барацьбітоў за нашу будучыню".

Як распавядала Еўрарадыё, творы Васіля Быкава былі выключаныя з украінскай школьнай праграмы, як і творы расійскіх паэтаў і празаікаў. Замест іх украінскія школьнікі будуць вывучаць творы еўрапейскіх і амерыканскіх аўтараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.