“Не дабілі тэрарысты — даб’юць журналісты камерамі…”

У 3-й бальніцы пацярпелыя ад выбуху ляжаць у хірургічным і рэанімацыйным аддзяленнях. 80 адсоткаў з іх скардзяцца на зніжэнне слыху і галаўныя болі. Але ўрачы кажуць, што пагрозы для іх жыцця зараз ужо няма.

"На сёння стан пацыентаў кампенсаваны, пагроз для жыцця няма. Праўда, некалькі пацыентаў, на жаль, дагэтуль знаходзяцца ў аддзяленні рэанімацыі. Іх стан можна расцэньваць як сярэдняй цяжкасці і цяжкі. Але мы прыкладаем усе намаганні для аказання адэкватнай дапамогі ў поўным аб'ёме. Для гэтага ў нас ёсць усё неабходнае. Мы спадзяемся, што вынік будзе спрыяльны", — кажа галоўны ўрач бальніцы Уладзімір Комар.

Большасць пацярпелых атрымалі аскепкавыя траўмы. З адарванымі рукамі ў “тройцы” людзей няма.

"У асноўным гэта мінна-выбуховыя траўмы. І улічваючы тое, што здарэнне адбылося ў замкнёнай прасторы, — гэта баратраўма, аўдыётраўма. Пранікальныя раненні канечнасцяў і грудной клеткі".

На паверсе, дзе ляжаць пацярпелыя, заўсёды людна. Разам з карэспандэнтам Еўрарадыё прыйшлі аператары і журналісты АНТ, СТВ, расійскага "Першага каналу". Пацярпелых таксама наведваюць родныя і сябры. Ужо ўнізе галоўны ўрач сказаў карэспандэнту Еўрарадыё, што, на жаль, увага прэсы занадта павышаная:

“Пацыенты кажуць: “Не дабілі тэрарысты — даб’юць журналісты камерамі…”

Дарэчы, у дзень жалобы наведалі пацярпелых і супрацоўнікі Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра. Яны прынеслі некалькі вялікіх пакетаў з прадуктамі.

“Акцыя такая жудасная. Накіраваная на наш добры народ, які нікому ніколі не жадаў зла. Мы сёння тут, каб хаця б маральна дапамагчы тым, хто патрапіў у гэтую жудасную сітуацыю. Мы ўсе разам, мы з імі, мы перажываем”, — гаворыць жанчына.

“Прыйшлі, каб падтрымаць маральна, каб людзі ведалі, што іх наведваюць, што мы разам з імі”, — дадае другі супрацоўнік цэнтра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі