На выбарчым пікеце ўсталявалі новы курс

"Гэта пасля выбараў такі курс павінен быць???" — здзіўляецца хлопец лічбам на пікеце кандыдаткі Таццяны Караткевіч ля сталічнай “Кароны”.

Кандыдаты з “Гавары праўду” распачалі свае пікеты. Ля гіпермаркета "Карона" прайшоў першы, пікет Таццяны Караткевіч, праўда, з удзелам усіх кандыдатаў — прадстаўнікоў кампаніі, нават тых, каго не зарэгістравалі. Што праўда, асаблівай цікавасці ў мінакоў, якія спяшаліся ў гіпермаркет на абед, гэта не выклікае. Большасць праходзіць міма, у лепшым выпадку, прыхапіўшы лістоўку, некаторыя ўвогуле абыходзяць бокам.

Маладыя хлопцы назіраюць за пікетам збоку, галасаваць не збіраюцца, бо ніхто не прадстаўляе іх інтарэсы.

— Я б сам мог, але, упэўнены, што ў цяперашняй сітуацыі ў мяне няма шансаў.

— А хто ў вас кандыдаты, ведаеце? Ці не цікава?

— Ведаю, адзін мой таварыш балатуецца, але я, натуральна, за яго галасаваць не буду.

Што праўда, тыя, хто ўжо спыніўся, цікавяцца кандыдатам і нават спрачаюцца. Таццяна Караткевіч кажа, што будзе хадзіць на ўсе пікеты. А вось агітацыя кандыдаткі з'явілася на стэндах толькі цяпер. У адрозненне ад яе канкурэнта Міхаіла Савановіча — ён вісіць ледзь не з першага дня агітацыі.

"Асноўная прычына, што друкарні баяцца. Кажуць спачатку так, а потым думаюць і ў канцы дня адмаўляюцца, — тлумачыць затрымку з друкаваннем рэкламнай прадукцыі Таццяна. — У выніку я знайшла друкарню, якая пагадзілася. Не думаю, што гэта нашкодзіла кампаніі. Галоўнае, што яны з'явіліся".

 

На пікеце адзін мужчына даў кандыдатцы 500 рублёў у фонд, а іншы зладзіў допыт сябру ініцыятыўнай групы, хаця з самой кандыдаткай размаўляць не захацеў.

"А колькі ёй год? Хто па адукацыі? Ці ёсць стаж працы? Машына? А за мяжу Мінска ездзіла?"

Відаць правяраў, але малады сябар ініцыятыўнай групы адказаў на ўсе пытанні. Са словамі "цікавы ў вас кандыдат" мужчына сыходзіць і жадае поспехаў.

"Я не збіраюся галасаваць і няма надзеі, што нешта зменіцца. Яны не мяняюцца і не хочуць. Таму ідзе такі падбор кандыдатаў, якія нікога не прадстаўляюць. Гэтыя людзі, свежыя, у ідэале, калі б прыйшлі, прадстаўлялі інтарэсы не толькі рэжыму. Але я думаю, наўрад ці яны пройдуць і іх прапусцяць праз гэты фільтр", — кажа іншы мужчына.

Увогуле цікавасці да выбараў у людзей не шмат. Нават тыя, хто спыняецца ля пікета, не заўсёды ведаюць, што адбываецца і хто ў іх кандыдаты на акрузе.

— Яшчэ не ведаю. Пакуль не хадзіў, не размаўляў з імі.

— А дэпутата свайго цяперашняга ведаеце?

— Прабачце, няма часу.

Увогуле з версіяй, што выбары мала цікавяць людзей, згодны і давераная асоба Таццяны Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў. Ад пачатку агітацыі кожны з 400 валанцёраў кампаніі "Гавары праўду" абышоў па 30-40 кватэраў за вечар.

— Мы абышлі асноўныя дамы па ўсіх акругах. А таму пераходзім на пікеты.

— А што людзі кажуць? Яны ведаюць пра выбары?

— Не. І маё меркаванне, што ўлада робіць усё, каб адбыўся байкот, але гэта не калі людзі мэтанакіравана не ідуць, а калі ім усё роўна. Толькі ўдзел і размовы з людзьмі могуць нешта змяніць.

Актыўная частка пікета скончылася за гадзіну, пасля засталіся толькі некалькі чалавек і стэнды. А чарга ў абменнік і банкамат за доларамі была ў разы большай, чым на размову з кандыдатам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі