На поўдні Чылі прачнуўся вулкан

Відавочцы кажуць, што слуп дыму і попелу ўзняўся на дзесяцікіламетровую вышыню, а ў паветры стаяў моцны пах серы. Паведамленняў пра ахвяраў і пацярпелых не было. Улады Чылі ўзнялі ўзровень пагрозы ў раёне вулкана да максімальнага “чырвонага”. Неадкладнай эвакуацыі падлягаюць 3500 чалавек.

Вулкан Пуйеуэ месціцца ў Андах у 870 кіламетрах ад сталіцы краіны Сант’яга, паведамляе ВВС. Найбліжэйшы да яго буйны населены пункт, курорт Барылочэ з насельніцтвам прыкладна 50 тысяч жыхароў знаходзіцца ў 100 кіламетрах ад вулкану на тэрыторыі Аргентыны. Як перадае аргентынскае тэлебачанне, вулканічны попел сыплецца на горад, “як снег у завіруху”.

Мясцовыя ўлады зачынілі аэрапорт і мяжу з Чылі. Вывяржэнню папярэднічала некалькі невялікіх падземных штуршкоў. Апошнім разам Пуйеуэ прачынаўся пасля разбуральнага землятрусу 1960 года.