Міжнародныя праваабаронцы прызначылі спецдакладчыка па падзеях у Беларусі

Кіраўнік брытанскага Інстытута па вывучэнні канфліктаў Ніл Джарман прызначаны міжнароднай супольнасцю праваабаронцаў спецыяльным дакладчыкам па расследаванні падзеяў у Беларусі пасля акцыі 19 снежня 2010 года. Пра гэта паведамляе Камітэт Міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Пры Спецдаклачыку будзе працаваць Група экспертаў з краін АБСЕ па праблематыцы свабоды сходаў і паліцэйскім рэагаванні пад кіраўніцтвам Майкла Гамільтана, прафесара Цэнтральнаеўрапейскага ўніверсітэта.

Нагадаем, шэраг міжнародных арганізацый і іх органаў (Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы, Еўрапейскі Парламент, Парламенцкая Асамблея АБСЕ) заклікалі да незалежнага міжнароднага расследавання падзеяў і супрацоўніцтва беларускіх уладаў у гэтай справе.

Міжнародны эксперт мусіць даць аб'ектыўную бесстароннюю ацэнку падзеяў, перадусім на Плошчы Незалежнасці. Ён дасць заключэнне, ці быў мітынг 19 снежня мірным паводле міжнародных стандартаў, ці прапарцыянальна і прычынна ўжылі сілу супраць дэманстрантаў. Ніл Джарман таксама вывучыць адпаведнасць рэакцыі дзяржавы ў выглядзе адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу ўдзельнікаў акцыі нацыянальным і міжнародным нормам.

Свае высновы міжнародныя эксперты будуць рабіць па падставе аналізу відэазапісаў, паказанняў назіральнікаў і сведкаў, заяваў чыноўнікаў, матэрыялаў СМІ, даступных матэрыялаў з крымінальных справаў. У сувязі з гэтым Камітэт Міжнароднага кантролю звяртаецца да арганізацый, журналістаў, амбасадаў краін АБСЕ і ўладаў Беларусі прадставіць усю інфармацыю пра дзеянні ўдзельнікаў акцыі і праваахоўных органаў для належнай ацэнкі падзеяў.

Кантакты для перадачы матэрыялаў і пытанняў на гэтую тэму: е-мэйл [email protected] , тэл. +375 33 636 05 00  +375 33 340 67 72

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі