Анатоль Лябедзька: Наш прагноз апраўдаўся

110909 Liabec

Еўрарадыё: Як будуць выглядаць наступныя дзеянні апазіцыі? Здаецца, вы шмат часу праводзіце над тым, каб абмеркаваць, з якога боку лепш падысці да прапановы Лукашэнкі пра “круглы стол”, а тут раптам другі бок адмовіўся ад перамоваў з апазіцыяй.

Лябедзька: Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы зрабілі вельмі правільна, сфармуляваўшы сваю пазіцыю. З першых заяваў Лукашэнкі можна было рабіць самыя розныя прагнозы. І тады мы сказалі, што мы гатовыя да камунікацыі і да ўзаемадзеяння з уладай і прад’явілі сваё бачанне гэтай камунікацыі. Гэта ніякі не “круглы стол”, гэта ніякі не шырокі дыялог з вялізарнай колькасцю суб’ектаў. Гэта прамыя перамовы па загадзя сфармуляваным ясным парадку дня і з перадумовай і прывязкай да часу.

Лічу, што мы паступілі правільна. Мы прымусілі зараз Лукашэнку агучыць усё ж, што ён меў на ўвазе, гаворачы пра “круглы стол”. Калі апазіцыя кажа, што ў краіне ёсць праблемы фінансавыя і эканамічныя, мы гатовыя іх вырашаць праз прамыя перамовы. То Лукашэнка сёння адказаў: “Так, у краіне ёсць праблемы фінансавыя і эканамічныя, але я не збіраюся іх вырашаць. Я іх пакладу ў трохлітровы слоік, закансервую і час пакажа, куды краіна выплыве”. Усе зараз высветлілі пазіцыю, кожны зараз мае права выбару яснага і зразумелага.

Еўрарадыё: На вашую думку, Лукашэнка сённяшнімі сваімі заявамі прызнаў, што ў краіне праблемы ёсць, але вырашацца яны не будуць?

Лябедзька: Гэта выглядае менавіта так. Нам прапануюць, пакуль не ў пісьмовым выглядзе, а прапануюць узяць удзел ў імітацыйным мерапрыемстве, мэта якога – пусканне пузыроў. Проста сядзець і марнаваць час, дзеля забавы ці каб паразглядаць адзін аднаго, у мяне асабіста няма такога жадання. У нас ёсць падыход, які мы сфармулявалі. Ён ясны і выразны. Пачакаем. Мы сёння не смуткуем і не ходзім у чорным траўры. Я думаю, што сітуацыя ва ўладзе горшая.

У нас ёсць, чым займацца. У нас ёсць грамадзяне Беларусі, нам трэба даводзіць сваю антыкрызісную праграму, праграму “Мільён працоўных месцаў”, наша бачанне таго, як вырашаць праблемы ў Беларусі. Улада пра гэта ведае, не ведаюць грамадзяне. Гэта для нас прыярытэт, а ніякі ні “круглы стол” з Лукашэнкам невядома пра што.

Еўрарадыё: Але на аднабаковае перадаванне парад, як выйсці з крызісу, кіраўніцтву вы не згодныя?

Лябедзька: Мы ўсё перадалі. Антыкрызісная праграма перададзеная, праграма “Мільён працоўных месцаў” ва ўладзе знаходзіцца. Тое, што мы хацелі сказаць, мы сказалі і перадалі. Калі гэта важна для ўлады, яны маглі даўно адрэагаваць. Але іх стратэгія – нічога не мяняць, закансерваваць тое, што ёсць, але пры гэтым яшчэ атрымаць нейкія крэдыты, інвестыцыі. Гэта проста цуд, каб такое адбылося. Такога не будзе.

Еўрарадыё: Але гэта яго заява не зменіць стратэгію дэмакратычных аб’яднаных сіл?

Лябедзька: Абсалютна.

Еўрарадыё: Ці не думаеце вы, што Лукашэнка загаварыў пра магчымасць дыялогу з апазіцыяй, што, магчыма, звязана і з тэмай МВФ?

Лябедзька: Гэта прамая сувязь. Разглядалася ў той час заяўка і патрэбная была пустышка для МВФ. Гэты варыянт не прайшоў і Лукашэнка пачынае праясняць тую рэалістычную пазіцыю, якую ён мае. Ва ўлады няма жадання пераменаў, але пры гэтым, каб ім дапамаглі фінансава і эканамічна закансерваваць тую сітуацыю, у якой мы жывем.

Еўрарадыё: Ці не будуць расчараваныя такім паваротам падзеяў вашы замежныя партнёры? Тое ж кіраўніцтва Польшчы, з якім вы сустракаліся? Як Захад гэта успрыме?

Лябедзька: Зараз настроі рэалістычныя, настроі прагматычныя. Ніхто не чакае і на Захадзе вялікага цуда ад Лукашэнкі. У Варшаве мы таксама прагаворвалі, што, хутчэй за ўсё, гэта імітацыя, што Лукашэнка не збіраецца ісці на перамовы, вынікам якіх магло б быць правядзенне справядлівых свабодных выбараў і ў замен за гэта атрымаць фінансавыя інвестыцыі, эканамічную дапамогу для Беларусі. Той прагноз, які мы рабілі дзень таму, ён спраўдзіўся па прыездзе ў Мінск.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі