Кэтрын Эштан заклікала ўлады Беларусі спыніць расправу над апазіцыяй

У спецыяльнай заяве Эштан адзначае, што "глыбока занепакоена" суровымі прыгаворамі апошніх дзён у дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі Беларусі.

"Цяперашнія падзеі не пакідаюць сумненняў у значным пагаршэнні сітуацыі з выкананнем правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі з тых пор, як на прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня 2010 года былі парушаны выбарчыя стандарты. Мелі месца палітычна матываваныя пераследы, арышты, затрыманні і судовыя працэсы над прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ", — цытуе заяву Эштан БелаПАН.

Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі таксама сур'ёзна занепакоена паведамленнямі аб меркаваных катаваннях і іншых відах жорсткага абыходжання з апанентамі ўладаў у Беларусі.

Яна заклікала беларускія ўлады неадкладна спыніць расправу над палітычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю, вызваліць усіх палітзняволеных і спыніць палітычна матываваныя судовыя працэсы, у тым ліку ў дачыненні да астатніх экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.

Эштан у чарговы раз заявіла аб гатоўнасці Еўрасаюза разгледзець "далейшыя мэтанакіраваныя абмежавальныя меры ва ўсіх галінах супрацоўніцтва" з афіцыйным Мінскам.

Нагадаем, 14 траўня суд Партызанскага раёна Мінска прыгаварыў кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за "арганізацыю масавых беспарадкаў". Яшчэ чацвёра фігурантаў судовага працэсу атрымалі ад 3 да 3,5 года пазбаўлення волі за "ўдзел у масавых беспарадках".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі