Каб не “згубіцца ў інфармацыйным моры”, Віктар Сямашка выдаў “жывую” кнігу

Вы ведаеце, што такое рэра? Аказваецца, гэта беларускае дыялектнае слова, якое адпавядае неахайнаму чалавеку. А яшчэ “ReRa” — гэта другая кніга вершаў паэта, музыкі і вядоўцы Віктара Сямашкі, якая была прэзентаваная 6 красавіка ў мінскай “Падземцы”.

Зміцер Вішнёў

“ReRa” выйшла накладам у 300 асобнікаў і ў сімпатычным кішэнным фармаце. Паэт Зміцер Вішнёў, які прапанаваў Віктару выдаць кнігу, лічыць падобны памер досыць зручным для сучаснага чалавека.

Зміцер Вішнёў: “Добрая паэзія — яна мусіць выходзіць хаця б такім фарматам. Кішэнны фармат запатрабаваны ў прынцыпе чытачом у Беларусі, асабліва дзяўчатамі, якія кладуць гэта каля памады. Вельмі зручна, не трэба цягаць вялікі заплечнік”. 

На думку Віктара Сямашкі, у параўнанні з першай кнігай, якая называлася “Марыі С.”, яго паэзія стала больш сканцэнтраванай і складанай.

Віктар Сямашка: “Наколькі я магу аб’ектыўна сябе ацэньваць, вершы сталі больш сканцэнтраванымі, там стала больш літаратурнай працы, літаратурных метадаў. Таму што раней у мяне вершы падзяляліся на два тыпы: ці то проста голыя думкі з галавы, пададзеныя без нейкіх прыёмаў і метадаў, ці нейкая алітэрацыйная гульня, якая нараджаецца інэрцыйна, калі ўжо няма чаго сказаць, і застаюцца толькі словы. У гэтай кнізе я паспрабаваў сумясціць гэтыя два тыпы вершаў”.

Віктар Сямашка

Апроч таго, паэзія Сямашкі наскрозь прасякнута ягонай музыкай. Дарэчы, гэтыя віды мастацтва для Віктара — адзінае цэлае.

Віктар Сямашка: “Я думаю, вельмі прасякнута. Музыка, якую я раблю, і вершы — яны паводле адных і тых жа законаў узнікаюць і фармуюцца. І наогул, на мой погляд, паэзія — гэта таксама музыка, якая рэалізуецца ў сферы маўлення, мовы. Гэта музыка, я іх нават не падзяляю паміж сабой”.

Еўрарадыё пацікавілася, ці варта ў век інтэрнэту і сучасных камунікацый увогуле выдаваць кнігі. Віктар Сямашка мяркуе, што кніга па-ранейшаму застаецца важным этапам рэалізацыі паэта.

Віктар Сямашка: “Вось я пра тое і думаў: выдаваць ці не выдаваць? Таму што сапраўды — а чаму не змясціць гэтыя вершы ў інтэрнэце? Што я і рабіў. Але, наколькі я разумею, кніга застаецца сімвалічным актам публічнай рэалізацыі. То бок, калі ты выдасі кнігу — яна будзе заўважаная, людзі будуць чытаць. Калі ты змесціш у інтэрнэце — гэта недзе згубіцца ў інфармацыйным моры. Таму я гуляю па правілах гэтай гульні, хаця нейкай вялікай сімпатыі, нейкай любові да кнігі як да такой у мяне няма. Сапраўды, я асабіста зараз большую частку інфармацыі атрымоўваю з інтэрнэту”.

Паэт Зміцер Вішнёў лічыць, што сусветнае павуцінне нават дапамагае выданням добра прадавацца і робіць з кнігі сапраўдны арт-аб’ект.

Зміцер Вішнёў: “Мы таксама баяліся, што занадта шмат інтэрнэт-рэсурсаў,  што нашыя кніжкі будуць з’яўляцца ў інтэрнэце і гэта будзе не на карысць продажам. Вось практыка паказвае, што тыя кніжкі, якія з’явіліся на камунікацыях нават у поўным аб’ёме, продажы іх павялічыліся ў крамах. Проста тыя, хто прачытаў іх у інтэрнэт-фармаце, зразумелі, што хочуць мець гэтае выданне ўжо як арт-аб’ект, пачытаць з паперы. Таму я думаю, што гэта ніяк не ўплывае ў горшым сэнсе, а, наадварот, нават падымае рэалізацыю кніжак”.

Прэзентацыя кнігі “ReRa” Віктара Сямашкі ўяўляла сабой музычна-літаратурную вечарыну, дзе граў сам Віктар на бас-флейце разам са сваім братам і гуртом “Балцкі субстрат”. Спяваў Лёня Паўлёнак у дуэце з вакалісткай гурта “Рэха” і іншыя выканаўцы. На просьбу Еўрарадыё сказаць колькі добрых словаў пра Віктара Сямашку, Лёня Паўлёнак заўважыў, што Віцю трэба тэрмінова ажаніцца.

Лёня Паўлёнак: “Віця піша добрыя канструктыўна-крэатыўныя вершы. Мне падаецца, што ў яго вершах столькі ж імправізацыі і музычнасці, колькі ў яго гуказдабыванні на розных-розных інструментах. Чалавек, які да любога інструмента можа дакрануцца, нават не ведаючы часам, як ён можа гучаць, і стварыць цікавы добры вобраз. А наогул яму трэба жаніцца!”

Набыць новую кнігу Віктара Сямашкі можна ў краме “Падземка” усяго за 4 тысячы рублёў.

Дуэт двух братоў Сямашак

"Балцкі субстрат"

"Балцкі субстрат"

Паэтка Воля Чайкоўская

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі