Ідэолаг: Мітынгаў і гэтага ўсяго не мусіць быць увогуле

120209 Svjardlou Akcyi.mp3

Каб сабрацца нават на самы дробны пікет ці флэшмоб, з 27 лістапада мінулага года трэба браць дазвол ад уладаў. Але — дзіўная справа — ідэолагі выканкамаў як адзін адказваюць Еўрарадыё, што пасля прыняцця закона аб масавых мерапрыемствах заявак на іх правядзенне... стала менш!

“Іх і раней няшмат было. А цяпер, калі шчыра, дык і ўвогуле амаль няма іх!” — канстатуе начальнік аддзела ідэалагічнай працы Віцебскага гарвыканкама Уладзімір Шлома.

“Была ў нас адна заяўка на правядзенне канферэнцыі па інфарматызацыі. Удзельнічалі праграмісты, як дзяржаўныя, так і з прыватных кампаній, і людзі, якія хочуць займацца праграмаваннем”, — распавядае намстаршыні Салігорскага райвыканкама Мікалай Маскевіч.

“Я б не сказала, што заявак сталі прыносіць больш”, — дадае загадчыца аддзела ідэалогіі Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка.

Сама сабой напрошваецца выснова: новы закон “адпужвае” патэнцыйных арганізатараў масавых мерапрыемстваў. На думку віцебскага ідэолага, так і мае быць:

Уладзімір Шлома: “Акцый і гэтага ўсяго не мусіць быць увогуле. Калі нехта нечага хоча — няхай пойдзе і пакажа, як трэба працаваць. На завод!”

Ніхто за тры месяцы не звяртаўся па дазвол на пікет ці флэшмоб і ў Салігорску.

“Калі яны не звяртаюцца — значыць, нешта адчуваюць!”, — мяркуе ідэолаг.

Еўрарадыё здзіўляецца: няўжо ніводнай патрыятычнай акцыі ад БРСМ? Ідэолаг супакойвае: яны працуюць па загадзя зацверджаным плане, і ў дадатковых дазволах патрэбы... не маюць!

Мікалай Маскевіч: “У нас ёсць план такіх мерапрыемстваў. І ў аддзела па справах моладзі, і ў БРСМ. Яны працуюць з рознымі моладзевымі арганізацыямі. Такія мерапрыемствы праводзяцца сумесна”.

У Магілёўскім гарвыканкаме кажуць, што даводзілася адхіляць недакладна складзеныя заяўкі на масавыя мерапрыемствы.

“На жаль, мы сутыкаемся з выпадкамі, калі заяўнікі нясуць заявы, загадзя не пазначаючы звесткі, якія мусяць пазначыць па заканадаўстве, ці не складаючы дамоваў з міліцыяй і медыкамі, — тлумачыць ідэолаг Магілёва Ала Галушка. — Карацей, бываюць выпадкі, калі заяўнік падае заяўку, але мерапрыемства праводзіць не хоча”.

Каб даведацца, ці такога эфекту чакалі ад “папраўленага” закона дэпутаты, Еўрарадыё звярнулася ў Палату прадстаўнікоў. Для дэпутата Анатоля Глаза змяншэнне колькасці заявак не стала сюрпрызам:

Анатоль Глаз: “Я быў схільны меркаваць, што [колькасць заявак] упадзе, і большасць удзельнікаў працоўнай групы думалі так жа. Па-першае, меры адказнасці абсалютна канкрэтныя і даволі сур’ёзныя. Па-другое, дадаткі да закону патрабуюць больш дэтальнай прапрацоўкі мерапрыемства. Гэта не тое, што паклікаў людзей, і адразу нешта зрабілася. А па-трэцяе, арганізатары вывучаюць новы закон, прыглядаюцца”.

Ну і па-чацвёртае, халодная зіма — гэта не самы спрыяльны час для вулічных акцый. Анатоль Глаз кажа, што дэпутаты маюць намер сабраць статыстыку па масавых мерапрыемствах, каб паглядзець, ці працуе новы закон так, як мае быць, і, пры неабходнасці, зрабіць наступныя папраўкі. Але, на думку дэпутата, гэта будзе мець сэнс не раней за восень 2012 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі