Ці забароняць дэпутаты “загадзя вызначаную бяздзейнасць”?

3 кастрычніка пачынаецца IX сесія ў Палаце прадстаўнікоў. Ужо ў панядзелак мы будзем ведаць, па якім раскладзе будзе працаваць беларускі парламент.

“Праект парадку працы на ўсю IX сесію падрыхтаваны. Яго будуць зацвярджаць на адкрыцці сесіі, раніцай 3 кастрычніка”, — паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Паводле Канстытуцыі, восеньская сесія доўжыцца ні многа, ні мала — 80 дзён. Апошнія дні перад амаль трохмесячнай працоўнай зменай дэпутаты бавяць на “Дажынках” у Маладзечне. Таму даведацца пра змест восеньскай сесіі падрабязней пакуль што складана:

“Ліс [Начальнік упраўлення інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Ліс. — Заўв. Еўрарадыё] на "Дажынках", таму наўрад ці змагу вам чым-небудзь дапамагчы. І ўсе старшыні камісіяў таксама там”.

Можна сказаць дакладна, што дэпутаты мусяць разгледзець закон “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2012 год”. Паводле слоў старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі, самыя важныя дакументы на парадку дня парламентарыяў, — праекты законаў “Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці”, “Аб эканамічнай неплацежаздольнасці і банкруцтве” і Жыллёвага кодэкса.

“У Палаце прадстаўнікоў ёсць яшчэ каля 60 пытанняў, якія дэпутаты паступова рыхтуюць да разгляду. Гэтыя пытанні па меры падрыхтоўкі яны будуць дадаваць у парадак дня”, — удакладнілі ў прэс-службе.

Менавіта да апошніх і належаць ініцыяваныя па выніках “маўклівых” акцыяў папраўкі ў закон “Аб масавых мерапрыемствах”, датычныя несанкцыянаванай “бяздзейнасці” у грамадскіх месцах. Дакумент паступіў у Палату прадстаўнікоў 20 ліпеня і знаходзіцца на падрыхтоўцы ў Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных стасунках і сродках масавай інфармацыі.

Але ці паспеюць дэпутаты разгледзець гэты дакумент да канца года — такой інфармацыяй у прэс-службе Палаты прадстаўнікоў пакуль што не валодаюць. І раяць пачакаць панядзелка.

Папраўкі ў закон “Аб масавых мерапрыемствах” — не адзінае цікавае, што чакае нас падчас сёлетняй восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў. Напрыклад, на падрыхтоўцы ў дэпутатаў знаходзяцца змены ў закон “Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах і іх прэкурсарах” і “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, чальца Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”. Парламентарыі збіраюцца ўрэгуляваць знаходжанне непаўналетніх у грамадскіх месцах у начны час, а таксама прыняць закон з цікавай назвай — “Аб фельд’егерскай сувязі”. Так што ўладкоўваемся камфортна — і з 3 кастрычніка сочым за тым, што прымае ніжэйшая палата беларускага парламента!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі