Дазвол на флэшмоб атрымалі з... пятага разу!

120118 Svjardlou Fle6mob.mp3

У Мінску ўжо адбылося некалькі флэшмобаў, дазволеных па законе “больш трох не збірацца”. Еўрарадыё даведалася ў арганізатараў, ці лёгка атрымаць такі дазвол.

“Першае наша ўзгодненае мерапрыемства — free hugs. Заяўку падавалі 4 ці 5 разоў — што называецца, прыстрэльваліся, — распавядае Еўрарадыё адзін з удзельнікаў флэшмоба, кіраўнік МГА “Авангард” Марат Абрамоўскі. — Там па форме вельмі бюракратычная сістэма, шмат нюансаў па ўзгадненні месца, часу… Нам адмаўлялі, адмаўлялі, а пасля ўсё ж далі дазвол. А такога, што трэба пайсці ў той кабінет, у той і ў той — і тады флэшмоб дазволяць, там няма”.

Дазвол на любую масавую акцыю трэба атрымаць не пазней як за два тыдні. Часам сапраўды даходзіць да абсурду, як у выпадку з флэшмобам “Снежныя войны”, удзельнікі якога сабраліся 15 студзеня, каб пагуляць у снежкі:

“Добрае зімовае надвор’е ўсталявалася ў чацвер-пятніцу. Натуральна, проста не было часу нічога ўзгадняць. А па-другое, ну падумайце: мы пададзім заяўку, а праз два тыдні снега ўвогуле можа не быць”, — працягвае Марат Абрамоўскі. Летась ён атрымаў трое сутак за “нелегальны” флэшмоб “Мокрыя войны” — летні аналаг “Снежных войнаў”.

Як даведалася Еўрарадыё, дазвол на флэшмоб трэба яшчэ ўзгадніць з міліцыяй. А ў выпадку, калі ёсць неабходнасць, і з МНС. Але тут ёсць нюанс:

“З гарвыканкамам складаецца дамова, і адбываецца аплата тых сіл і сродкаў, якія будуць задзейнічаныя пры ахове мерапрыемства”, — тлумачыць прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі.

На пытанне, колькі каштуе суправаджэнне флэшмоба міліцыяй (!), Аляксандр Ластоўскі не адказаў. А Марат Абрамоўскі адзначае, што, хаця і заключаў дамовы з міліцыяй, ні падчас free hugs, ні падчас флэшмоба “Кітайскія ліхтарыкі” на плошчы Бангалор ніякіх грошай міліцыянты не запатрабавалі.

На думку Марата, у справе дазволу флэшмоба вялікае значэнне мае, хто падае заяўку. Маўляў, калі асоба “заангажаваная” — ёй мерапрыемства правесці не дазволяць.

Таго ж меркавання прытрымліваецца моладзевая актывістка Наста Палажанка. Таму “Малады фронт” не спрабаваў атрымаць ніякіх дазволаў на свае вулічныя акцыі.

Наста Палажанка: “Дадзены закон у прынцыпе не мае ніякага значэння для нашых моладзевых актывістаў ці для тых людзей, якія прымаюць удзел у масавых мерапрыемствах. Раней затрымлівалі людзей на адміністрацыйныя арышты, прыпісваючы ім тэрміны за дробнае хуліганства. Цяпер будуць затрымліваць паводле гэтага закону. Абсалютна ўсё роўна, паводле якога артыкулу сядзець той жа самы арышт на тым жа самым Акрэсціна”.

Пад гэтымі словамі гатовы падпісацца і Дзяніс Садоўскі, адказны сакратар “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”.

Дзяніс Садоўскі: “Літаральна тыдзень таму праводзілі флэшмоб у абарону сям’і, дзяцей. Распаўсюджвалі сярод студэнтаў кніжачкі пра сямейныя каштоўнасці, супраць абортаў. Акцыя доўжылася каля гадзіны ля Акадэміі навук і на Нямізе. Затрыманы ніхто не быў, нягледзячы на тое, што дазволаў не бралі. Бо закон гэты ўведзены не для таго, каб дазваляць флэшмобы і неяк дапамагаць у іх правядзенні, а каб забараняць”.

А вось другі сакратар ЦК БРСМ Альбіна Сычэўская распавяла Еўрарадыё, што свае акцыі яны праводзяць выключна з дазволу ўладаў.

Альбіна Сычэўская: “У нас ва ўсіх раёнах праводзяцца тэматычныя флэшмобы, прымеркаваныя, напрыклад, да правядзення нашых мерапрыемстваў. Як адзін са складнікаў мерапрыемства — флэшмоб. За апошні час: “Я люблю Беларусь”, “Я люблю Мінск” — такія флэшмобы праводзіла мінская гарадская арганізацыя. Мы — законапаслухмяная арганізацыя. Падаем у выканкам заяўку ў вызначаны тэрмін. Падаем характарыстыку мерапрыемства. Усіх патрабаванняў, прадугледжаных законам, мы прытрымліваемся”.

Рэдка, але здараецца так, што вулічныя акцыі апазіцыянераў праходзяць без затрыманняў. Напярэдадні Раства “Маладыя дэмакраты” калядавалі ля Камароўскага рынку ў Мінску. З тузін маладзёнаў у калядных касцюмах прайшліся па гандлёвых шэрагах са святочнымі песнямі, і ніхто іх нават пальцам не крануў. Гэта быў сапраўдны цуд на Каляды!

З 27 лістапада 2011 года ўступіў у сілу закон аб масавых мерапрыемствах у новай рэдакцыі, паводле якога любы збор грамадзян павінен быць санкцыянаваны ўладамі. Гэта тычыцца і флэшмобаў, і збору грамадзян, арганізаванага з выкарыстанне інтэрнэту. Да атрымання дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства яго арганізатары не маюць права абвяшчаць, у тым ліку і ў інтэрнэце, пра яго дату, час і месца яго правядзення. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі