Хакейнае “Дынама” і футбольнае БАТЭ ў параўнанні

Дзякуючы футбалістам БАТЭ мы бачым у Мінску зорак сусветнага футболу. Дзякуючы ХК “Дынама-Мінск” ― топавых хакеістаў. Абедзве каманды не толькі змагаюцца з грандамі, але і займаюцца кіраваннем сваіх рэсурсаў паводле сусветных узораў і дэманструюць прыклад менеджменту астатнім беларускім клубам.

Барысаўчане ўжо пяты год запар стабільна выходзяць у групавую стадыю еўракубкаў. Хоць каманда ў 90-х пачынала з трэцяй лігі. У яе дагэтуль няма сучаснага стадыёна, які б адпавядаў правілам удзелу ў еўракубках.

За чатыры гады выступленняў у КХЛ “Дынама-Мінск” можа пахваліцца двума выхадамі ў плэй-оф, дзе каманда вылятала ў першых раўндах. Хоць даўно мае ўласную арэну і добрую фінансавую атмасферу. 

Параўноўваем абедзве каманды.

Якая назва больш народная?

 

Хакейны прадстаўнік Беларусі ў КХЛ ствараўся на дзяржаўныя сродкі. Назву прыдумалі на савецкі манер ― “Дынама”. Па ідэі, гэта азначае ― клуб ад сілавікоў. Не кожнаму абазнанаму чалавеку гэта назва прыйшлася даспадобы. Але што рабіць ― адзіны беларускі прадстаўнік у КХЛ, трэба падтрымліваць. Змяніць назву на “Зуброў” нашаму хакейнаму гранду не дазволілі.

Назва БАТЭ расшыфроўваецца як “Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання”. На першы погляд, не фантан. Аднак дзякуючы ашаламляльным поспехам клуба гэта назва сёння асацыюецца з удачай і працавітасцю.

Бюджэт

 

Мінімальны гадавы бюджэт кожнай каманды КХЛ складае не менш за 15 мільёнаў еўра (ці каля 19,4 мільёна долараў ЗША).

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі ў мінулым годзе “Дынама-Мінск” патраціў на зарплаты 12,49 мільёна долараў. Гэта 52% ад усіх выдаткаў. Такім чынам, бюджэт клуба мусіў скласці каля 24 мільёнаў долараў. Прыкладна такая ж лічба, мяркуючы па ўсім, была закладзена ў бюджэт і на 2012 год.

Нягледзячы на электронны запыт Еўрарадыё, клуб адмовіўся дэтальна ўдакладняць бюджэт на гэты год. 

“Руководство ХК "Динамо-Минск" не раз комментировало финансовые вопросы в межсезонье. В сезоне клуб предпочитает сосредотачиваться на спортивных вопросах”, ― так пракаментаваў нашы пытанні начальнік прэс-службы Іван Караічаў, параіўшыся са сваім кіраўніцтвам.

Трэба сказаць, “спартыўнымі пытаннямі” ХК “Дынама-Мінск” займаецца напоўніцу. І на 10 кастрычніка займае аж… апошняе месца ў сваёй канферэнцыі.

Клуб БАТЭ пацвердзіў Еўрарадыё, што іх бюджэт на 2012 год складае 10 мільёнаў долараў. Гэта як мінімум удвая менш за бюджэт ХК “Дынама-Мінск”. Але якія вынікі!

 

Самаакупнасць

 

Генеральны дырэктар “Дынама” паведаміў афіцыйнаму сайту КХЛ, што самаакупнасць клуба складае 12%:

“Гэта значны рост у параўнанні з мінулымі сезонамі. У нашых планах ― напрыканцы сезона падвоіць гэты паказчык”.

Самаакупнасць БАТЭ ў працэнтах дакладна не падлічвалі.

 

“Гэта складаная арыфметыка, ― тлумачыць Еўрарадыё Наталля Марчанка, начальнік дэпартамента развіцця ФК БАТЭ. ― Гэта маё асабістае меркаванне. Бюджэт залежыць непасрэдна ад нашых вынікаў, ад трансфернай палітыкі: мы прадаём-купляем гульцоў. І часам трацім больш, чым атрымліваем. Часам ― наадварот. Паступаюць таксама дзяржаўныя сродкі, сродкі ад спонсараў…”

У той жа час старшыня праўлення футбольнага клуба Анатоль Капскі не раз заяўляў, што каманда гатовая стаць на самастойныя рэйкі.

Аднак у БАТЭ наперадзе сур’ёзныя праекты, і з бюджэтам у 10 мільёнаў долараў ажыццявіць іх самастойна немагчыма.

Інвестыцыі ў будучыню

Для ФК БАТЭ пад самым Барысавам будуецца новы сучасны стадыён, дзе свае гульні будзе праводзіць і нацыянальная зборная. Паводле ацэнак ФІФА, новая арэна будзе адпавядаць чацвёртай катэгорыі. Тут кожная беларуская каманда зможа гуляць любы міжнародны матч.

Таксама ФК БАТЭ плануе ўзвядзенне дзіцячай спартовай акадэміі.

“Гэта вялізныя сродкі. Таму я ганаруся, што клуб інвестуе, прымае ўдзел у фінансаванні праектаў, ― працягвае Наталля Марчанка.Спадзяюся, будзе збудавана звышсучасная арэна. Дзіцяча-юнацкая школа сёння працуе, але хочацца збудаваць дом для хлопчыкаў. Яны там не будуць жыць, як у спартыўным інтэрнаце, але яны будуць знаходзіцца пад агульным дахам у “Дзіцячай футбольнай акадэміі БАТЭ”. Гэта назва пакуль неафіцыйная. Пабудавана ўстанова будзе, верагодна, у Смалявіцкім раёне. Гэта пытанне хутка будзе вырашана”.

ХК “Дынама-Мінск” гуляе на “Мінск-арэне”, якая была збудавана за дзяржаўныя грошы. Дзіцячая юнацка-спартыўная клубная школа функцыянуе на базе сталічнага Палацу спорту.

Заробкі гульцоў

 

Паводле афіцыйных дадзеных, сярэдні заробак хакеіста “Дынама-Мінск” ― 22,3 тысячы долараў у месяц.

Згодна з дадзенымі партала goals.by, самы высокі заробак у БАТЭ, калі не ўлічваць Аляксандра Глеба, наконт якога няма дакладнай інфармацыі, ― 19 тысяч долараў у месяц (выплачваецца Віталю Радзівонаву). Марка Сіміч і Рэнан Брэсан зарабляюць па 12 тысяч, Аляксандр Валадзько ― 10, галкіпер Гарбуноў ― 8. Гэта інфармацыя нідзе не аспрэчвалася.

Легіянеры

Згодна з афіцыйным сайтам "Дынама-Мінск", з 26 гульцоў клуба беларускі пашпарт маюць 18. З іх тры з'яўляюцца натуралізаванымі канадцамі. Некаторыя беларускія хакеісты  не выходзяць у аснове, таму складаецца ўражанне, што стаўка ў клубе робіцца на замежнікаў, і на базавы клуб для зборнай "Дынама" не цягне. 

У БАТЭ з 26 гульцоў толькі трое маюць пашпарты замежныя. А натуралізаваны Рэнан Брэсан і Філіп Рудзік. Замежныя эксперты нахвальваюць БАТЭ за звышмаленькую колькасць легіянераў

Чым клубы зарабляюць грошы

Складана папракнуць ХК “Дынама-Мінск” у няўменні ствараць прадукцыю са сваім таварным знакам: піва, чыпсы, арэшкі, малако, майкі, бейсболкі, байкі і іншае. Хочаце набыць хакейную форму “Дынама” са сваім прозвішчам ― няма праблемаў.

Навучыўся хакейны клуб і прыцягваць гледача на “Мінск-арэну”.

Таксама пэўныя сродкі можна атрымліваць з трансляцый матчаў, з трансфераў, рэкламы і г.д. Менеджмент “Дынама” паставіў перад сабой задачу навучыцца добра зарабляць усімі гэтымі метадамі.

На канец 2015 года перад клубам стаіць задача выйсці на самаакупнасць у 50%. Пакуль жа лічбы не надта цешаць.

Выдаткі на ўтрыманне хакейнай каманды ў КХЛ ― таксама немалыя. 52% ідуць на выплату агромністых па беларускіх мерках заробкаў. Вельмі шмат выцягваюць пералёты па Расіі і пражыванне ў гатэлях.

“Часам здараецца, што ўдаецца зарабіць трансляцыямі на стадыях кваліфікацыі, ― кажа Наталля Марчанка пра крыніцы заробкаў для ФК БАТЭ. ― Плюс адбываецца продаж атрыбутыкі, хоць гэта і не такія сумы, якія фігуруюць падчас трансфераў”.

БАТЭ зазвычай стабільна зарабляе на куплі-продажы гульцоў (выпадак з набыццём Аляксандра Глеба ― выключэнне) і еўракубкавых матчах. Як сведчаць дадзеныя афіцыйнага сайта УЕФА, мінімальны заробак любога клуба за выхад у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў ― 8,6 мільёна еўра (што блізка да гадавога бюджэту БАТЭ). За перамогу ў адным матчы каманда атрымлівае мільён еўра, за нічыю ― 500 тысяч еўра.

Праца са шматлікімі спонсарамі-партнёрамі вядзецца таксама. Нават плаціць за арэнду барысаўскага гарадскога стадыёна не даводзіцца.

Наталля Марчанка: “Мы з кіраўніцтвам стадыёна дамовіліся, што яны будуць рэалізоўваць квіткі, і выручка будзе замест арэнды”.

Еўрарадыё: А якія спонсары дапамагаюць клубу?

Наталля Марчанка: “Тытульны спонсар у нас “Белдзяржстрах”. Ну, і такія буйныя кампаніі, як ААТ БАТЭ, “БПБ-Ашчадбанк”, “Вэлком”, канешне, Барысаўскі выканаўчы камітэт і шмат якія іншыя. Усе яны граюць важную ролю ў жыцці нашага клуба. З некаторымі прадпрыемствамі ― партнёрскія адносіны ў плане інфармацыйнай падтрымкі ці рэкламнай дзейнасці”.

Асноўныя памочнікі ХК “Дынама-Мінск” ― дзяржаўныя “Беларуськалій” і “Прэзідэнцкі спартыўны клуб”.

Прыклады БАТЭ (адной з найбяднейшых каманд у Лізе чэмпіёнаў) і мінскага “Дынама” паказваюць, што грошы вырашаюць не ўсё. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі