Гурт "ЖНЮВ" прэзентуе дэбютны альбом праз дванаццаць гадоў існавання

27 красавіка ў клубе "Рэактар" адбудзецца канцэртная прэзентацыя альбома гурта "ЖНЮВ", які зараз знаходзіцца на фінальнай стадыі запісу. Па словах бас-гітарыста гурта Змітра Якуты, называцца ён будзе "!?.", але як гэтую назву вымаўляць, музыкі так і не вызначылі.

Зміцер Якута: "Мы нават зладзілі апытанне сярод знаёмых, як гэта мусіць гучаць. Карацей, прыйшлі да высновы, што гэта мусіць гучаць як "Знакі", ці ўсё ж "Дванаццаць". Так што мы агучваем гэта, як "Э-э!?", і толькі так, а ўвогуле гэта "!?.", за паўгода ў нас яшчэ кропка дадалася".


На дыск трапяць песні, якія былі напісаныя за ўсю гісторыю існавання гурта, але да гэтага не выдаваліся і амаль не гучалі на публіцы. А вось з іх колькасцю пакуль не ўсё зразумела, бо музыкам не хапае часу.

Зміцер Якута: "Калі мы пачалі запісваць альбом, то сутыкнуліся з тым, што калі не вызначым тэрміны, то будзем яго пісаць яшчэ доўга. Так атрымалася, што тэрмін мы прызначылі на 27-га красавіка, і зараз мы, як студэнты перад сесіяй: круглыя суткі нешта яшчэ дапісваецца, зводзімся, дзесьці перапісваем, дзесьці падпраўляем... Карацей, адзінаццаць песень ужо прапісаныя. Мы хочам, каб было дванаццаць, але колькі іх будзе, мы даведаемся толькі калі аддадзім у наклад дыск".

Запіс, звядзенне, майстарынг і, нават, выданне накладу ў тысячу асобнікаў хлопцы будуць рабіць самастойна. Нават вокладку, якая ўжо часткова размешчана на афішы будучай прэзентацыі, музыкі робяць самі.

Зміцер Якута: "Лепш нас для нас жа ніхто нічога не зробіць. Прафесіяналы ж не будуць цэлымі днямі думаць над гукамі... А калі ёсць магчымасць пасядзець тыдзень над тым, каб знайсці патрэбны гук, неабходны настрой... І тое, што ў цябе ў галаве, можна ж не данесці, якім бы ён не быў прафесіяналам, але сам ажыццявіць ты гэта здолееш, як знойдзеш, маўляў, вось! Яно!".  

Што ж тычыцца самой прэзентацыі, то распачне канцэрт гадзінны сэт маладога фанк-калектыву "No Comment Band", які не так даўно выйграў беларускую частку фестывалю "Emergenza". Ну, а самі "Жнювы" плануюць не сыходзіць са сцэны цягам двух гадзін. Дарэчы, увесь канцэрт музыкі будуць здымаць на відэа і запісваць гук, каб пазней выдаць яшчэ і DVD.

Нагадаем, што гурт "ЖНЮВ" загучаў яшчэ ў канцы 90-х, калі перамог на фестывалях "Первая площадка" і "Рок-схватка" і аб'ехаў у міні-турах з "Крамой", "Zet" ды "Леприконсами" амаль усю краіну. Але ў 2003 годзе калектыў разваліўся, пакінуўшы толькі тры сінглы і адзін дэма-альбом. Уз'ядналіся музыкі ў 2009-м годзе і адразу атрымалі "Рок-карону" ў намінацыі "Вяртанне года". Такім чынам, альбом "!?.", які будзе прэзентаваны 27-га красавіка ў "Рэактары", можна справядліва назваць дэбютным.

Варта адзначыць, што канцэрт арганізаваны пры ўдзеле грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якая так радавалася вяртанню гурта “Жнюв”, што не магла застацца ў баку ад прэзентацыі іх першага альбому.



27 красавіка, клуб "Рэактар", пачатак 19:00
Квіткі: танцпол загадзя — 15 000, у дзень — 20 000, столікі — 25 000
Кропкі продажу: клуб "Рэактар", ГЦ "Рыга" пав. 18, ГЦ "Купалаўскі" пав. 19, пераход ст.м. Пл. Я.Коласа, пераход ГУМ
Інфармацыя: 8 (029) 728-25-37

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі