Гурт “Нестандартны варыянт” спыніў сваё існаванне
Лідар гурта Зміцер Міхневіч афіцыйна абвесціў пра спыненне дзейнасці.
Музыкант не можа назваць дакладную прычыну, якая паўплывала на гэта рашэньне. Але ён вылучае некаторыя праблемы: узрост і неактуальнасць іх музыкі, асабістыя ўзаемаадносіны, праблемы са здароўем, цяжкасці сумяшчэння асноўнай працы і музыкі, сям’я.
“Нестандартны варыянт” пачаў сваю працу яшчэ ўвосень 1998 году ў Барысаве, і ўжо у 1999 на фэсце “Хіп-хоп нацыя” атрымаў перамогу ў намінацыі “Лепшая маладая рэп-група”. У наступным, 2000 годзе, гурт быў прызнаны лепшым рэп-гуртом Беларусі, нагадвае партал “Тузін гітоў”.
“Нестандартны варыянт” зрабіў унёсак і ў развіццё беларускамоўнага рэпу — былі запісаныя два беларускамоўныя трэкі, якія сталі хітамі. Так, гурт запісаў сваю інтэрпрэтацыю “Паветранага шару” разам з Лявонам Вольскім і гуртом IQ48.