Гары Паганяйла: Гэта абсурд! Справа не расследавана, а суды ўжо ідуць

1 сакавіка працягнуўся судовы працэс за “плошчу” над расійскімі грамадзянамі. Ён мае вялікую палітычную вагу. На пасяджэнні прысутнічалі расійскія дыпламаты, журналісты расійскіх, а таксама афіцыйных і незалежных беларускіх каналаў і агенцтваў.

Гары Паганяйла, у мінулым суддзя і адвакат, лічыць, што само справаводства незаконнае і дзівіцца, чаму адвакаты расійскіх грамадзянаў на гэта не звярнулі ўвагу.

Гары Паганяйла: "Гэта абсурдная сітуацыя, незаконнае справаводства. Справа яшчэ не расследавана, тэрміны па ёй падоўжаны да 5 месяцаў. А справы ў судах ужо пайшлі! Калі б былі больш дасведчаныя, прынцыповыя адвакаты, гэта было б выяўлена адразу, у першыя ж хвіліны працэсу, пасля таго, як пракурор прад'явіў абвінавачанні".

Прадстаўнік абвінавачання Сяргей Кунас вінаваць расійскіх грамадзян Арцёма Брэўса і Івана Гапонава ва ўдзеле "у масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, збройным супраціве прадстаўнікам улады".

Але сам факт масавых беспарадкаў у іх юрыдычнай сутнасці 19 снежня не даказаны, пераконвае Гары Паганяйла.

Гары Паганяйла: "Абвінавачанне паставіла воз наперадзе коней, а суд з гэтым пагадзіўся. Не даказваючы самога факта масавых беспарадкаў, яны хочуць даказаць па канкрэтных дзеяннях канкрэтных удзельнікаў абставіны, з імі звязаныя, і прад'явіць абвінавачанне. Спярша трэба даказаць што былі пагромы, падпалы і гэтак далей, пра што сказаў у сваёй прамове пракурор. А пасля – непасрэдна даказваць віну ўдзельнікаў!"

Суддзя Любоў Сімахіна задаволіла хадайніцтва абвінавачання дадаць да справы дакументы па ажно 15 новых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія пацярпелі 19 снежня. Згодна з прачытанымі медыцынскімі экспертызамі, у кагосьці – траўма сцягна, у кагосьці паранены вусны, а хтосьці – адчуў "фізічны боль і вынес пабоі". Адвакаты папрасілі час азнаёміцца з новымі матэрыяламі, і суддзя перанесла працэс на 10 сакавіка.

У калідоры суда дарадца расійскай амбасады Вадзім Гусеў звярнуў увагу журналістаў на галоўны, на яго думку, момант у працэсе.

Вадзім Гусеў: "Перш за ўсё паўстае пытанне, дзе былі гэтыя 15 сведкаў-пацярпелых, якія сёння прад'явіла абвінавачанне і аб якіх нічога не казалі на першым судовым пасяджэнні?"

Падчас працэсу адвакаты папрасілі змяніць меру стрымання Гапонаву і Брэўсу, замяніўшы на хатні арышт. Але суддзя адмовіла. Каментаваць гэта рашэнне расійскі дыпламат не стаў, але задаволіўся тым, што працэс адкрыты для журналістаў.

"Цешыць, што працэс адкрыты, на ім прысутнічаюць як прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, так і свабоднай прэсы, якія могуць на свае вочы пераканацца ў грунтоўнасці абвінавачання расійскіх грамадзянаў", – адзначыў Гусеў.

Нагадаем, шэраг экспертаў па расійска-беларускіх адносінах лічыць, што Арцём Брэўс і Іван Гапонаў знаходзяцца ў становішчы закладнікаў у беларускіх уладаў. Маўляў, Аляксандр Лукашэнка нават хацеў выгандляваць лепшыя эканамічныя ўмовы з расійскіх кіраўнікоў падчас сваёй паездкі ў Сочы.

Але сам Аляксандр Лукашэнка абвяргае палітычную падаплёку справы. Падчас інтэрв’ю ў Раўбічах 19 лютага па вяртанні з расійскага курорта ён сказаў: "Як быццам расійская амбасада заявіла, што гэтыя два грамадзяніны быццам былі там, дзе нейкія там тысячы беларускіх грамадзянаў. Вас хто сюды клікаў? Хто сюды клікаў граміць Дом урада? Мы ж Расію не вінавацілі, калі яны растрэльвалі Белы дом з танкаў!.."

У кожным выпадку, цяпер судовы працэс мусіць зацягнуцца, бо пакуль не апытаны ніводзін з 15 новых пацярпелых міліцыянтаў.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі