Футбалісты зборнай Іспаніі два дні запар глядзелі гульні БАТЭ (фота)

Нагадаем, у пятніцу на сталічным стадыёне "Дынама" пройдзе адборачны матч чэмпіянату свету паміж зборнымі Беларусі і Іспаніі (чэмпіёнамі свету і Еўропы). Пачатак а 21-й гадзіне.

На прэс-канферэнцыю ў гатэлі "Crown Plaza" спачатку прыйшлі Торэс і Арбелоа.

Фернанда Торэс. Фота: Надзея Бужан

Фернанда Торэс сказаў, што цяпер у яго няма ніякіх думак пра Францыю, як пра саперніка па групе, ёсць думкі толькі пра бліжэйшы матч, пра Беларусь.

Альвара Арбелоа прызнаўся, што футбалісты зборнай Іспаніі два дні запар глядзелі запісы гульняў БАТЭ. "БАТЭ — модная каманда. Выйгралі ў "Ліля", у "Баварыі", — сказаў ён.

Альвара Арбелоа. Фота: Надзея Бужан

Тэлеканал RAI вёў наўпростую трансляцыю з прэс-канферэнцыі іспанскіх футбалістаў.

Пазней пачалася прэс-канферэнцыя галоўнага трэнера іспанскай зборнай. Вісэнтэ дэль Боске: "Мы яшчэ шукаем схемы расстаноўкі. Будзе футбаліст на вастрыні атакі, будзем спрабаваць трымаць мяч. І валодаць ініцыятывай".

Ён нагадаваў, што футбольны матч не будзе паказаны на тэрыторыі Іспаніі. "Мне вельмі шкада, — сказаў галоўны трэнер. — Але гэта палітыка, гэта справы федэрацыі. Не думаю, што адсутнасць трансляцыі створыць якія-небудзь праблемы ўласна футболу".

Вісэнтэ Дэль Боске. Фота: Надзея Бужан

Журналіст: "Хто будзе гуляць у абароне ў пары з Серхіа Рамасам?"
Дэль Боске: "Будзе гуляць той, каго мы паставім туды!"

Дэль Боске: "Мы будзем змагацца за перамогу, але няма ніякай гарантыі, што мы выйграем. Запытайцеся пра гэта ў "Баварыі", якая таксама прыязджала за трыма ачкамі".

Вільготнае поле стадыёна "Дынама" галоўнага трэнера іспанцаў не палохае. 

Дэль Боске: "Ін'еста можа згуляць і адзін матч, і два. Але да яго трэба падыйсці з большай увагай. Ёсць праблема, невялікае расцягненне. Таму, магчыма, ён не будзе гуляць усе 90 хвілінаў. Можа, хвілінаў 60-70".

"У зборнай Беларусі вельмі добрая база па гульцах, — сказаў галоўны трэнер. — Мы, натуральна, прагледзелі некалькі яе матчаў, а таксама матч з "Баварыяй". Але, напрыклад, ад Грузіі мы чакалі аднаго сцэнару гульні, а яна гуляла зусім інакш".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі