FEMEN: Ёсць усе пацверджанні таго, што гэтыя падзеі адбываліся!

У руху FEMEN лічаць, што ніякай міліцэйскай праверкі ў Беларусі не было. Менавіта так ўкраінкі ацанілі адмову пачаць крымінальную справу па факце выкрадання і здзекаў над актывісткамі руху. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла кіраўнічка ўкраінскіх феміністак Ганна Гуцол:

Гуцол: “Калі такі адказ атрыманы, то гэта наўпрост кажа пра тое, што ў выкраданні і гвалце былі задзейнічаныя праваахоўныя органы і спецслужбы. Яны не маюць ніякага права казаць, што факты не пацверджаныя! Бо ніхто з супрацоўнікаў беларускай міліцыі не браў пасля тых падзей ніякіх дадатковых тлумачэнняў ад нашых дзяўчат. А ў іх ёсць даведкі пра тое, што ў дачыненні да іх быў ужыты псіхалагічны гвалт і што яны атрымалі псіхалагічныя траўмы. Ёсць усе пацверджанні таго, што гэтыя падзеі адбываліся!”

Ганна кажа, што яны не сумняваліся ў такім выніку міліцэйскай праверкі. Асабліва пасля словаў кіраўніка беларускага КДБ, што яго людзі да гэтага не маюць ніякага дачынення і што выкраданне дзяўчат з FEMEN было запланаванай правакацыяй. Таму юрысты руху адразу пачалі рыхтаваць звароты ў міжнародныя інстанцыі. І хутка, папярэджвае Гуцол, яны перададуць адну з падрыхтаваных заяваў у міжнародны суд — найхутчэй, у Страсбургскі.

Нагадаем, што актывістак FEMEN пасля “аголенай” акцыі каля КДБ у Мінску 19 снежня выкралі невядомыя. Дзяўчат знайшлі амаль праз суткі ў вёсцы Бякі каля беларуска-ўкраінскай мяжы. Яны былі збітыя. Актывісткі распавялі, што іх усю ноч вазілі на аўтобусе з завязанымі вачыма, а потым высадзілі ў лесе, дзе над імі здзекаваліся. Пазней на радзіму іх вывез украінскі консул на дыпламатычнай машыне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі